Вадзім Саранчукоў: Чакаем усіх Беларусаў у Вільні 22 лістапада



Палітык, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў запрашае ўсіх беларусаў ад імя каманды #kalinouski2019 22 лістапада 2019 года ў Вільню на мерапрыемствы, звязаныя з перапахаваннем паўстанцаў Каліноўскага:

– Мы больш за паўгады актыўна запрашаем усіх беларусаў далучацца да гэтай падзеі, якая адбудзецца ў Вільні. Не толькі на самім перапахаванні, там плануецца вялікі шэраг розных беларускіх мерапрыемстваў, пачынаючы ад канцэрта «Дзецюкоў» 22 лістапада, самаго перапахавання, іншых беларускіх імпрэзаў, сустрэча з Радай БНР. Арганізоўваюцца аўтобусы і з Менску, і з Віцебска, і з Гародні, і з Берасця. У Гародні мы таксама набіраем групу, каб ехаць арганізавана. Ужо ёсць папярэдняя дамова з аўтобусам, з начлегам у Вільні з 22 на 23 чысло.

На думку палітыка падзеі ў Вільні 22-23 лістапада важныя для кожнага Беларуса:

– У Беларусі на сёння вельмі не хапае вобразаў герояў. І Каліноўскі акурат такі вобраз, і паплечнікі ягоныя акурат менавіта такі вобраз. Жыццёвыя і каштоўнасныя арыенціры, да якіх павінен імкнуцца кожны.

Вадзім Саранчукоў упэўнены, што ў Вільні на перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага будзе некалькі тысяч беларусаў з усёй краіны.

Беларускае Радыё Рацыя