Вакол дома Алеся Меха другія суткі дзяжураць міліцэйскія машыны



Кобрынская міліцыя ўжо другія суткі дзяжурыць пад хатай актывіста Алеся Меха. “Замест сваёй непасрэднай работы – барацьбы з крыміналам і хуліганамі, міліцыя ператварылася ў палітычных жандармаў”, – кажа жонка Алеся Меха Наталля:

– З учарашняга дня я ўвесь час знаходжуся пад вартаю. Спачатку стаяла адна машына. Яна мянялася. У 5 гадзін пасля абеду, потым змянілася недзе ноччу. І з раніцы, калі я пайшла на работу, з’явілася яшчэ адна машына. Цяпер знаходжуся пад надзейнаю вартаю дзвюх міліцэйскіх машын.

Супрацоўнік аператыўна-дзяжурнай службы Кобрынскага РАУС на пытанне, чаму да гэтага часу міліцыя трымае ў аблозе дом Алеся Меха, а не займаецца больш надзённымі і непасрэднымі справамі, даў наступны адказ:

– У кобрынскага аддзела міліцыі ёсць план заданняў, а з якой мэтай – не магу вам адказаць.

РР: А хто мне зможа адказаць?

– Хто вам можа адказаць? А як вы дазналіся, што гэта супрацоўнікі міліцыі? Там напісана на гэтых машынах. Зараз мы паедзем і паглядзім, што там за машыны. Паедзем і праверым вашую інфармацыю.

Так званая “праверка” прывяла да з’яўлення трэцяй машыны з супрацоўнікамі міліцыі, але на суседняй вуліцы, – паведаміла Наталля Мех.

Беларускае Радыё Рацыя