Вакцына кампаніі Pfizer ад COVID-19 паказала больш чым 90% эфектыўнасць
Патэнцыяльная вакцына ад каронавіруса, распрацаваная амерыканскай кампаніяй Pfizer і нямецкай BioNTech, падчас выпрабаванняў паказала эфектыўнасць больш чым на 90%, паведамілі яе вытворцы. Пра гэта паведамляецца ў заяве , апублікаванай на сайце і ў Твітэры кампаніі Pfizer.
«Сёння выдатны дзень для навукі і чалавецтва. Першая частка вынікаў нашай трэцяй фазы клінічных выпрабаванняў вакцыны ад COVID-19 дэманструе першапачатковыя доказы таго, што наш прэпарат здольны прадухіляць заражэнне каронавірусам», — сказаў выканаўчы дырэктар кампаніі Альбэрт Бурла.
Кампаніі будуць да сярэдзіны лістапада весці збор інфармацыі і дадзеных аб бяспецы вакцыны, потым усю інфармацыю перададуць ва Управу кантролю за якасцю харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў ЗША.
Як адзначаюць амерыканскія СМІ, у выпадку, калі ўправа ў тэрміновым парадку ўхваліць вакцыну, першыя яе дозы змогуць атрымаць медычныя супрацоўнікі ўжо да канца гэтага года.
Фота: Reuters
