Валанцёры «Хрушы супраць» абскарджваюць затрыманне і штрафы



Валанцёры кампаніі «Хрушы супраць», якая займаецца выкрыццём няякаснай і пратэрмінаванай прадукцыі ў крамах, былі аштрафаваныя ў Воршы за пранікненне на ахоўваемую тэрыторыю спецаўтабазы, на якой яны ўбачылі кепскае абыходжанне з сабакамі.

Некалькі актывістаў правялі ноч да суда за кратамі, а на раніцу былі аштрафаваныя, чатыры валанцёры атрымалі 25 базавых велічыняў штрафу, двое па 20 базавых. Пры гэтым, па словах валанцёраў, тэрыторыя заўсёды была адкрытай, праблемы пачаліся толькі пасля таго, як яны зайшлі на тэрыторыю з камерай і выкрылі парушэнні. Распавядае аператар кампаніі «Хрушы супраць» Арцём Ісачэнка.

Справа ў тым, што мы і раней ўжо прыходзілі ў гэты прытулак і заўсёды праходзілі праз адну і тую ж браму. Проста казалі, што мы ідзем да сабак і нас ніхто не чапаў. У гэты раз усё было тое ж самае. Прэтэнзіі пачаліся ў той момант калі мы пачалі здымаць і казаць, што жывёл трымаюць у неналежных умовах.

Свае затрыманні, як і прысуды, валанцёры абскарджваюць у Віцебскім абласным судзе. 5-га красавіка актывісты наведалі аршанскую спецаўтабазу яшчэ раз, але на тэрыторыю іх не пусцілі. Таксама не ўдалося паразмаўляць з дырэктарам прадпрыемства і яго намеснікам, якія пазбягаюць кантакту з валанцёрамі і журналістамі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша