Валанцёры прыбіраюць Бабруйскую крэпасць і шукаюць дапамогі



Бабруйскія актывісты ўжо некалькі месяцаў сваімі сіламі спрабуюць прыбраць галоўны гістарычны помнік горада – Бабруйскую крэпасць. Кожную нядзелю каля 10 валанцёраў збіраюцца ды вычышчаюць старыя бастыёны з надзей, што калі-небудзь тут змогуць праходзіць экскурсіі, а гэтыя мясціны стануць цэнтрам культурнага жыцця горада.

Кажа ініцыятарка прыборкі крэпасці Ірына Хамрэнка-Ушакова:

Заўсёды было сорамна і непрыемна. Смецце… Шкада будынка. Гэта ж наша гісторыя, наша галоўная славутасць горада. Мы ўзялі пакеты і пачалі прыбіраць. Спачатку удвух-утрох выносілі па 5-10 пакетаў смецця. Пачалі гэтую справу піярыць у сацыяльных сетках, пісалі ў газетах. І пачалі падцягвацца людзі. Так масавы рух і арганізаваўся. Проста баліць сэрца за ўсё гэта. Я люблю гэтыя мясціны, тут прайшло маё дзяцінства. Хочацца прывесці гэта ў чысты і бяспечны стан, каб можна было прыводзіць сюды людзей, запрашаць нейкіх артыстаў, музыкантаў і паэтаў, ладзіць вечары, якія ў нас праходзяць зараз на плошчы. Каб гэта можна было зрабіць культурным цэнтрам.

Бабруйская крэпасць – помнік архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя – зараз знаходзіцца ў закінутым стане. У старажытных збудаваннях часта збіраюцца аматары выпіць, пакідаюць пасля сябе бутэлькі ды іншае смецце. Актывісты заклікаюць усіх неабыякавых бабруйчан далучацца і дапамагчы прыбраць галоўную гістарычную каштоўнасць горада.

Падрабязней у далучаным файле:

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск

Фота аўтаркі