Валанцёры супраць камунальнікаў
У Пінску валанцёры заалагічнага руху змагаюцца з камунальнікамі. Актывісты не задаволеныя працай службы адлова бадзяжных жывёл.
Камунальнікі хапаюць жывёл без разбору, ёсць ці не ў чацвераногага гаспадар, асабліва гэта тычыцца котак. Робяць гэта жорстка на вачах гараджан.
Не меншая праблема з утрыманнем жывёл у пункце адлова, які ў Пінску платны. Калі, напрыклад, нехта захоча забраць чацвераногага, то павінен аплаціць за ўтрыманне па сутках: сабака – 15 тысяч, а котка – 6 тысяч. Нягледзячы на тое, што паслуга платная, умовы ў пункце адлова вельмі кепскія, нават няма вады, сцвярджаюць актывісты.
Жыхарка Пінска Валянціна Ляшкевіч, якая па магчымасці дае прытулак бадзяжным жывёлам, упэўнена, што ва ўсёй сітуацыі вінаватыя самі грамадзяне, у якіх няма адчування адказнасці:
– Людзі спачатку бяруць жывёл, а пасля, калі не спадабаліся, выкідваюць або ўсыпляюць.
Каб разабрацца з камунальнікамі, ініцыятыўная група актывістаў заалагічнага руху мае намер сустрэцца са старшынём Пінскага гарвыканкама і склала на ягонае імя петыцыю.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота liveinternet.ru