Валенты Вакулюк: Лукашэнка – марыянетка, і ён не мае ўплыву



Госць Рацыі – Валенты Вакулюк, старшыня польскага таварыства ва Украіне, у Луцку, журналіст. Ён распавядае пра пачатак вайны ва Украіне, атаку на Луцк і стаўленне да Лукашэнкі і беларусаў.

РР: Добры дзень, але не надта ён добры.

Валенты Вакулюк: Так, але мы гэтага чакалі. Мы ведалі, што так будзе, маем такі прэзент. Сёння ўначы мы пачулі, што на аэрадроме чутны шум самалётаў, што равуць маторы. І праз паўгадзіны ўжо было чатыры ўдары па аэрадроме. Былі ўспышкі зарыва. І пасля яшчэ ўзарвалі тэлевізійную вышку. Хацелі, каб не было сувязі. Інтэрнэт пакуль яшчэ ёсць. Панікі няма, людзі стаяць у чэргах па бензін, ліміт паліва – 20 літраў на бак. І здымаюць грошы з банкаматаў.

РР: А ці спадзяваліся жыхары Луцка, што ўсё ж такі будзе такая сапраўдная вайна ці спадзяваліся, што можа дыпламатыя неяк вырашыць справу?

Валенты Вакулюк: Канешне, усе думалі спачатку, што ўсё ж такі рэшткі цывілізацыі яшчэ ёсць у Расейскай Федэрацыі. Думалі, што трэба чакаць так званага прэзента з Беларусі, бо мы бачылі небяспеку ўжо даўно. Гэтыя гібрыдныя атакі на польскую і літоўскую мяжу. Мы ведаем, што Лукашэнка – марыянетка, што ён не мае ўплыву. Але да сяброў мы не маем прэтэнзій, мы разумеем, у якім становішчы знаходзіцца народ, і як Лукашэнка яго задавіў разам з так званымі расейскімі братамі. Мы спачуваем братам-беларусам.

РР: Паміж беларусамі і ўкраінцамі ніколі не было вайны. Як сёння жыхары Украіны, жыхары Луцка ставяцца да звычайных беларусаў, што пра іх кажуць?

Валенты Вакулюк: Мы маем да іх вялікую сімпатыю, але і спачуваем. Нам вельмі шкада, што так і не скончылі справу з Лукашэнкам. Мы падымаліся на два майданы, яны ўсё ж такі акрышталізавалі нацыю. Канешне, мы не можам быць у шкуры беларусаў, мы не ведаем, якой была сітуацыя ў Беларусі. Толькі бачылі па тэлебачанні, і гэта было страшна. Тады было так, як зараз увесь свет сочыць за Украінай, што там адбываецца. І гэта такое адчуванне бяссілля, што мы нічога не можам зрабіць, мы тады не маглі дапамагчы беларусам. Зараз свет глядзіць на нас з такім бяссіллем і не можа дапамагчы Украіне. Як думаюць мужчыны – узяў “калаш” і пайшоў за свабоду, за дэмакратыю, за сцяг, за брата-паляка, а тут нельга. Таксама і сябры-палякі думаюць, што яны не могуць пайсці плячо да пляча ваяваць з расейскім агрэсарам.

РР: Луцк – гэта Заходняя Україна, далёка ад мяжы з Расеяй. Адкуль прыйшоў гэты ўдар па Луцку?

Валенты Вакулюк: На жаль, гэта ніхто не ведае. Толькі здагадваліся, што гэта магло быць з тэрыторыі Беларусі. У мяне знаёмы з Івана-Франкоўска з Прыкарпацця, і там абстралялі аэрадром, нават было бачна, як падае ракета. Было такое ўражанне, што гэта з самалётаў або верталётаў  маглі выпусціць гэтыя ракеты або з тэрыторыі Беларусі. Была заява, што з тэрыторыі Беларусі былі выпушчаныя тры балістычныя ракеты.

РР: Луцк – недалёка ад мяжы з Беларуссю, ад Піншчыны, дакладна.

Валенты Вакулюк: Амаль 200 кіламетраў дарогай да Берасця.

РР: Ці спадзяюцца жыхары Луцка на мірнае вырашэнне гэтага канфлікту? Ці ёсць яшчэ спадзеў, што ўсе бакі сядуць за стол перамоваў?

Валенты Вакулюк: Не, я думаю, што гэта ўтопія. Гэта ўсё ж у стылі заходняга свету, які ўсё ж спадзяецца і дэлегуе Расеі цывілізацыйны спосаб. Але ж Расея беспардонная. Там у іх “планка поўнасцю паехала”, у іх крызіс ва ўнутранай палітыцы, іх народ, на жаль, падзяліўся. Жыве так, як калісьці жыў за Кіеўскай Руссю – ёсць магнаты, ёсць князі, а ёсць смерды і халопы. І яшчэ яны адурманеныя расейскім тэлебачаннем. І, на жаль, мы не можа змяніць гэты факт. У мяне шмат знаёмых інтэлігентаў, якія стаялі на барыкадах у 1991 годзе, змяніліся з часам. Яны перакананыя, што тут бандэраўцы, што тут амерыканцы ваююць, што бедныя ўкраінцы апутаныя  Амерыкай і “хітрымі ляхамі і жыдамі”, як яны называюць, і хочуць поўнасцю гегемоніі ў тым раёне і з’яўляюцца вялікай пагрозай для Расеі. Вось так нас успрымаюць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]