Валер Булгакаў: Справа „Белага легіёна” – выпадковае непаразуменне



 Беларускаму грамадству так і не прад’явілі доказаў віны па справе “Белага легіёна”. Рэдактар гістарычнага часопіса “Arche” Валер Булгакаў лічыць, што “справа “Белага легіёну” можа не дайсці да суда. Многія фігуранты крымінальнай справы – супрацоўнікі, аўтары тэкстаў альбо актыўныя чытачы “Arche”. Валер Булгакаў ведае многіх арыштаваных асабіста ўжо шмат гадоў і не верыць, што яны маглі планаваць нейкі ўзброены пераварот. Абвінавачанне, на думку рэдактара, – выпадковае, а следчыя органы дагэтуль не прад’явілі беларускаму грамадству бясспрэчных фактаў віны арыштаваных:

– Тое, што робіцца з гэтымі людзьмі, – для нас вялікі, сардэчны боль. Я пэўны, што гэтыя людзі ніякія не тэрарысты, ніякія не злачынцы. І папросту тое абвінавачванне, якое выстаўлена супраць іх, з’яўляецца нейкім выпадковым непаразуменнем. У мяне ёсць вялікі сумнеў, што гэтая справа дойдзе да суда – паколькі людзі арыштоўваюцца, пасля выходзяць на волю, і самае галоўнае –  беларускаму грамадству дагэтуль не прад’яўлена ніякіх бяспрэчных фактаў, што арыштаваныя сапраўды задумвалі нейкія антыдзяржаўныя мерапрыемствы.

Міраслаў Лазоўскі падаваў калектыву часопіса многія цікавыя ідэі па новых матэрыялах і кнігах. Алесь Яўдаха доўгі час узначальваў службу распаўсюду “Arche”. Валер Булгакаў спадзяецца, што неўзабаве справа будзе закрытая, а яе фігуранты адпушчаныя на волю.

Беларускае Радыё Рацыя