Валер Шчукін гатовы даслаць сакратару Рады бяспекі фотакартку сваёй збітай нагі



У ваенным шпіталі, куды 75-гадовы Валерый Шчукін патрапіў пасля затрымання і збіцця міліцыяй 25 сакавіка, ён правёў 13 сутак.

Валерый Шчукін: 7 красавіка мяне выпісалі са шпіталя, а агулам я там правёў 13 сутак. Амаль як адміністрацыйнае пакаранне. З той толькі розніцай, што знаходзіўся ў бальнічнай палаце і праходзіў пэўны курс лячэння і абследвання.

РР: Як зараз сябе пачуваеце?

Валерый Шчукін: Сярэдне. Як вядома, ў шпіталь я патрапіў пасля 25 сакавіка, калі мірна стаяў у Менску на плошчы Калініна. Да мяне падбеглі АМАПаўцы, пацягнулі па асфальце ў аўтобус. Збітая нага, рука… З райаддзела і патрапіў у шпіталь.

РР: Сакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась заявіў, што на Дзень Волі ніводны міліцыянт у Менску не дастаў дубінкі. Ён у гэтым упэўніўся, калі праглядзеў відэа і фотаздымкі, якія яму прадаставілі…

Валерый Шчукін: Мабыць яму не тыя фотаздымкі і відэа далі паглядзець. Калі што, то я яму магу даслаць фота сваёй нагі – на ёй добра бачна, ці даставалі АМАПаўцы дубінкі. Праўда, зараз след ужо амаль не застаўся, але я, як ведаў, і захаваў фотаздымак збітай нагі спецыяльна для гісторыі. Таму дрэнна, калі збіваюць, але яшчэ горш, калі наўпрост у твар табе плююць, а затым кажуць, што гэта – божая раса. Знайшлі б ужо хаця б у сабе сілы не маніць. Навошта гэта? Павінны ж у афіцэраў быць нейкія нормы гонару і прыстойнасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя