Валер Шумілін: Гэта шантаж



Расейскія войскі ў вялікай колькасці прыбылі ў Беларусь нібыта для нейкіх міфічных вучэнняў. Украіна рыхтуецца да нападу расейскіх войскаў з беларускага боку. Зянон Пазняк лічыць, што адбылася акупацыя Беларусі. А што думаюць шэраговыя беларусы ў самой Беларусі, раскажа госць Радыё Рацыя – былы кадравы ваенны, які жыве на Берасцейшчыне, Валер Шумілін.

РР: Ці заўважылі вы ў сваім населеным пункце, што ёсць расейскія войскі?

Валер Шумілін: Не ўбачыў.

РР: Ці размаўляюць пра гэта?

Валер Шумілін: Сярод маіх знаёмых і ў калектыве, дзе я працую, ніхто пра гэта не кажа. Большасць нават не задумваецца і не чулі. “Нейкія вучэнні ідуць – ну, ідуць дык ідуць”. Быццам першы раз? Восенню былі. А пра Украіну, так, кажуць: “Не дай Бог нападуць”.  Але што нас акупавалі і размову Пазняка – гэта яны не чыталі і не чулі пра яе.

РР: Вы самі падтрымліваеце Пазняка, што пад шумок з Украінай адбылася ціхая акупацыя Беларусі?

Валер Шумілін: Вельмі спадзяюся, што ён памыліўся, але падставы для гэтага вялізныя. Гэта цалкам верагодна.

РР: Вы спадзяецеся на тое, што расейскія войскі выйдуць пасля вучэнняў, якія не планаваліся загадзя?

Валер Шумілін: Думаю, што выйдуць, але не так хутка, як пасля вучэнняў. Думаю, што бліжэй да лета.

РР: Чаму вы так думаеце, чым гэта абгрунтавана?

Валер Шумілін: Нават калі сыходзіць з таго, што гэта не паўзучая акупацыя Беларусі, а сапраўды проста вучэнні, то я пакуль не бачу, што Расея дамаглася таго, чаго яна хацела. Яна будзе і далей нагнятаць абстаноўку на мяжы з Украінай, каб нейкія эфімерныя гарантыі атрымаць ад НАТА. Думаю, што фізічна яна не будзе нападаць на тэрыторыю Украіны. У 21 стагоддзе – гэта абсурд, і, мяркуючы па апытанням насельніцтва, у вялікіх гарадах гэта не падтрымаюць.

РР: То бок вы верыце, што вайны Расеі з Украінай не будзе?

Валер Шумілін: Так, я веру

РР: А чаму яны тады столькі войскаў увялі ў Беларусь і трымаюць каля ўкраінскай мяжы?

Валер Шумілін: І што? Дык яны значна большыя войскі трымаюць і ў Варонежскай вобласці, і ў Растоўскай, Бранскай, Смаленскай не першы год. І ўсё гэта побач з Украінай. І гэта не гарантыя таго, што яны пачнуць фізічна наступаць і зойдуць на тэрыторыю Украіны. Гэта шантаж.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:  

З госцем Радыё Рацыя размаўляла Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]