Валерый Бычкоўскі: Каб толькі запісы відэкамер не знішчылі…



Актывіст кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Валерый Бычкоўскі, якога затрымалі падчас збору подпісаў, распавёў, што збіраецца давесці справу да суда.

Нагадаем, што 13 верасня Валерый Бычкоўскі збіраў подпісы за сваё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты ля ўваходу ў гандлёвы цэнтр «Скала», што на вуліцы Прытыцкага ў Менску.

Праз некаторы час да яго падышоў намеснік начальніка аховы цэнтра і ў грубай форме запатрабаваў спыніць пікетаванне. Маўляў, тут прыватная тэрыторыя. Валерый прапанаваў выклікаць міліцыю.

Супрацоўнікі аховы гандлёвага цэнтра пачалі штурхацца, вырываць тэлефон, той пачаў абараняцца, і міліцыя затрымала Бычкоўскага. Апошні пасля гэтага зафіксаваў пабоі і напісаў заяву на намесніка начальніка аховы гандлёвага цэнтра.

Валерый Бычкоўскі: На жаль, не мог зняць пабоі ў судмедэкспертызе раней, бо мой пашпарт знаходзіўся ў пасольстве, я там візу адкрываў. Але як толькі дакумент аддалі, сёння і прайшоў праз гэтыя працэдуры.

РР: Гэта праўда, што ахоўнік таксама напісаў заяву на вас?

Валерый Бычкоўскі: Так, але я ў сваёй невінаватасці ўпэўнены. Абараняўся, калі ахоўнік пачаў мяне штурхаць і яўна правакаваць. Дарэчы, за вуглом ужо чакалі яго таварышы і міліцыянер, таму адразу па сігнале яны адтуль і выбеглі, каб мяне затрымаць.

Але цікава будзе, калі справа дойдзе да суда, паглядзець запісы з камер відэаназірання, якія ёсць у гандлёвым цэнтры. Калі запісы не знішчаць, то на судзе будзе дакладна вядома, на чыім баку праўда.

РР: Працягнеце збіраць подпісы ля гэтага гандлёвага цэнтра?

Валерый Бычкоўскі: Сёння мы там і збіралі, але гэтым разам да нас прэтэнзій не было. Відаць, паўплываў рэзанас, які быў пасля 13 верасня.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя