Валянцін Лучко: У Гародні 28-га красавіка радыеактыўны фон ужо перавышаў норму



35 гадоў таму адбылася Чарнобыльская аварыя, вынік няўдалага эксперыменту, які занадта дорага каштаваў беларусам, украінцам ды іншым народам.

Пра тыя падзеі згадвае “Госць Рацыі” – дацэнт, кандыдат біялагічных навук Валянцін Лучко.

РР: Аварыя на ЧАЭС моцна паўплывала на далейшы лёс мільёнаў беларускіх грамадзян, гэта звязана не толькі з хваробамі, але таксама з пераездамі. Гэта падзея скаланула ўсю Беларусь. І наступствы гэтай трагедыі мы маем і сёння. Вы ў тыя трагічныя часы знаходзіліся, можна сказаць, на перадавой як біёлаг-практык.

Валянцін Лучко: Так, сапраўды. Я ў 1986 годзе, канкрэтна 28 красавіка ў панядзелак, на трэція суткі пасля Чарнобыльскай катастрофы – менавіта катастрофы, а не аварыі, – збіраўся на працу. Працаваў я на той час ужо навуковым супрацоўнікам Інстытута біяхіміі Акадэміі навук БССР у Гародні па ваеннай спецыяльнасці афіцэр-хімік запасу. І па польскім радыё раптам пачуў, як перарываецца перадача і польскія вядоўцы аб’яўляюць радыяцыйную небяспеку ва ўсходніх ваяводствах Польшчы, папярэджанне пра тое, каб людзі бераглі сваіх дзяцей, па магчымасці прытрымліваліся элементарных правілаў бяспекі. Я адразу навастрыў вушы і падумаў, калі паўтораць праз 15 хвілін, так як гэтага патрабуюць ваенныя каноны,  то значыць сапраўды я не памыліўся. Праз 15 хвілін паўтарылася. І спрацавала звычайная логіка, раз гэта недалёка ад нашай граніцы, то можа быць і ў нас нешта здарылася.

РР: У Гародні хіба ведалі толькі прадстаўнікі Інстытута біяхіміі пра тое, што неабходна ў гэтыя першыя дні людзям прымаць ёд. І спакваля гэтая інфармацыя распаўсюджвалася паміж знаёмымі. Але афіцыйных захадаў зроблена не было.

Валянцін Лучко: Абсалютна згодны. Пачуўшы гэтую інфармацыю па польскім радыё, я, шчыра кажучы, напружыўся і як афіцэр-хімік запасу думаў, што калі гэта нешта сур’ёзнае, то літаральна праз некалькі гадзін у нас будзе збор ваеннаабавязаных хімікаў і нам дадуць канкрэтныя распараджэнні на гэты конт. Аднак, нічога такога не адбылося. І тыя, хто сабраўся на працы з нас, моладзі, а там былі і медыкі, і біяхімікі, разбегліся па кропках, узялі пробы. Недзе а 12-й гадзіне мы іх ужо мелі, кінулі на нашыя выдатныя прыборы, якія вызначалі радыеактыўныя ізатопы, і мы ўбачылі ўсю карціну. А карцінка была бязрадаснай. Гэта значыць, у Гародні на раніцу 28-га красавіка ўжо быў радыеактыўны фон, які перавышаў норму.

Мы адразу пайшлі да знакамітага нашага акадэміка Астроўскага, дырэктара Інстытута біяхіміі. Ён нас са здзіўленнем прыняў, таму што ён быў абсалютна не ў курсе таго, што ў нас у Гародні ёсць забруджванні. І калі ён убачыў нашы дадзеныя, ён адразу пры нас пачаў званіць па спецтэлефоне. Тое, што мы слухалі, седзячы каля яго, гучала прыкладна так: “Вам тэлефануе акадэмік Астроўскі. У нас склалася такая сітуацыя, што мае супрацоўнікі вызначылі вельмі высокі ровень радыеактыўнай забруджанасці ў ваколіцах Інстытута біяхіміі ў Гародні. Якая ў вас ёсць інфармацыя?” Не паспеў ён дагаварыць гэтай фразы, як замоўк і пачаў уважліва слухаць. З яго боку былі толькі наступныя рэплікі: “Да. Понятно. Принял к исполнению. До свидания». Паклаўшы слухаўку ён сказаў: “Наколькі вы зразумелі, у нас усё добра, ніякай радыеактыўнасці, небяспечнай для здароўя людзей, няма. Падрабязнасці таго невялікага інцыдэнту, які адбыўся, скажуць пазней. Забаронена распаўсюджваць любую канкрэтную інфармацыю пра ровень забруджвання. І, адпаведна, спасылацца толькі на афіцыйныя СМІ. Вам зразумела?” Мы сказалі: “Канешне, зразумела”. Бо мы ўсе былі, падкрэслю, афіцэрамі запасу. І мы ведалі , што такое воінская прысяга Савецкаму Саюзу, ад якой нас, дзякуй сітуацыі, пазбавіў снежань 1991 года. Але, да гонару акадэміка Астроўскага, ён нас папярэдзіў адразу, што ніякіх абмежаванняў у працы ў ізатопнай лабараторыі няма: „Я не забараняю вам працягваць работу з ізатопамі, але ўлічыўшы знешні ізатопны фон”. Усе мы зразумелі, што ён нам даў дабро на ацэнку знешняга радыяцыйнага фону, што мы і выкарысталі.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: wikimedia.org