Валянцін Стэфановіч: Не прымаем ні пры якіх абставінах



Беларускія праваабарончыя арганізацыі ды ініцыятывы заклікалі ўлады Беларусі адмовіцца ад смяротнага пакарання. Сумесная заява праваабаронцаў апублікавана на сайце spring96.org.

5 лістапада 2016 году ва ўмовах тайны былі прыведзеныя ў выкананне смяротныя прыгаворы ў дачыненні да грамадзян Івана Куляша, Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага, — гаворыцца ў заяве. “І, на жаль, у справе адмены смяротнага пакарання ніякіх пазітыўных зрухаў няма”, – заўважыў у нашым эфіры намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы і постсавецкай прасторы, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне на практыцы. Мы са свайго боку працягваем заклікаць урад да адмены гэтага пакарання, і мы ў гэтай заяве адзначылі, што беларускае праваабарончая супольнасць, з’яўляючыся часткай сусветнага руху за адмену смяротнага пакарання, выступае за адмену смяротнага пакарання ва ўсім свеце. Мы яго не прымаем ні пры якіх абставінах.

Цягам гэтага году ў Беларусі пакараныя чатыры чалавекі, а лёс Сяргея Вострыкава, прыгавор у дачыненні да якога ўжо набыў законную моц і які знаходзіцца ў камеры смяротнікаў СІЗА № 1, пакуль невядомы.

Правабаронцы заклікаюць неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку да поўнай яго адмены.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя