Валянціна Болбат: Мясцовыя ўлады павінны спусціцца са сваіх паверхаў да людзей



Жыхарка  Верхнядзвінску Валянціна Болбат мае амаль 40-гадовы “стаж” грамадскай дзейнасці.  Цяжка нават пералічыць усе накірункі працы няўрадавых арганізацый на Верхнядзвіншчыне і ўвогуле ў Віцебскай вобласці,  да якіх спадарыня Валянціна мела і мае дачыненне. Вялікі досвед супрацы з самымі рознымі людзьмі і дзяржаўнымі структурамі дае падставы зрабіць высновы, якімі актывістка дзеліцца з Беларускім Радыё Рацыя:

– У пачатку 1990-х у нас было столькі людзей у грамадскіх арганізацыях, па 140 чалавек! І гэта былі вельмі актыўныя людзі, яны шмат рабілі і хацелі зрабіць! Але ўлады прыбілі гэтую актыўнасць. Да людзей неабыякавых яны пачалі ставіцца падазрона, асабліва перад выбарамі: а раптам яны пойдуць у мясцовыя дэпутаты. Хаця гэта было б выдатна, каб людзі з крытычным поглядам і з шырокім мысленнем пайшлі ў мясцовую ўладу!  

Дзякуючы нястомнасці Валянціны Болбат, у Верхнядзвінску часам удаецца дамовіцца пра супрацу і з мясцовымі ўладамі, і з кіраўніцтвам тамтэйшых прадпрыемстваў і ўстаноў, і з дэпутатамі, гатовымі рабіць агульную справу з грамадскімі актывістамі. Прыкладам такой супрацы  стаў праект “Добры сусед”, калі  быў адрамантаваны  “праблемны” шматпавярховы дом і  ўпарадкавана  навакольная тэрыторыя. Значную частку ўсіх работ выканалі мясцовыя жыхары, яны ж зладзілі для саміх сябе і вялікае свята ва ўласным двары.

 Але, каб гэты прыклад стаў не выключэннем, а правілам, неабходна “расштурхаць” кожны райвыканкам.  А найлепей, каб самі прадстаўнікі ўладаў звярнулі ўвагу на людскія праблемы, кажа Валянціна Болбат:

– Я мяркую, што зараз прыйшла чарга ўладаў павярнуцца для людзей. Вялікая колькасць прапановаў да супрацы ад грамадскіх актывістаў ужо была – да пачатку 2000-х гадоў, пакуль мясцовыя ўлады не пачалі ўважаць актыўных людзей за сваіх ворагаў. Цяпер прыйшоў час, каб чыноўнікі спусціліся са сваіх трэціх, чацвёртых і пятых паверхаў выканкамаў на зямлю, да людзей!

Верхнядзвінск сёння – гэта горад пенсіянераў, бо тут не развіваецца вытворчасць, і моладзь райцэнтра  з’язджае ў большыя гарады, зазначае спадарыня Валянціна. Але такіх райцэнтраў па Беларусі шмат, і жыццё ў іх не мусіць спыняцца. Таму варта шукаць шляхоў развіцця рэгіёну, абапіраючыся на досвед суседніх краін, з якімі мяжуе Верхнядзвіншчына. Перадусім, на досвед Латвіі, дзе мясцовыя ўлады знаходзяць магчымасці для плённай супрацы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Цалкам размову з Валянцінай Болбат слухайце ў далучаным файле:

Фотаздымкі з асабістага архіва Валянціны Болбат

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]