Варшава ўшанавала сваіх паўстанцаў



У Варшаве адбыліся жалобныя ўрачыстасці з нагоды 73 гадавіны выбуху Варшаўскага паўстання.

Палітычнае кіраўніцтва Польшчы ўсклала вянкі пад варшаўскі помнік Арміі Краёвай і падпольнай польскай дзяржавы.

Гаворыць мэр Варшавы, Анна Гранкевіч-Вальц:

Пастава палякаў была феноменам сусветнага маштабу, бо сам факт свядомасці існавання падпольнай дзяржавы абуджае і ўзмацняе дух. Гэтая дзяржава функцыянавала вельмі арганізавана. Нягледзячы на тое, што часам пра нас кажуць, палякі ўмеюць выдатна арганізавацца.

Урачыстасці ў Варшаве завяршыліся хвілінным гучаннем ваеннай сірэны. Падчас так званай «гадзіны W» польская сталіца замірае, аддаючы даніну пашаны ахвярам Варшаўскага паўстання. Уражаннямі дзеляцца жыхары Варшавы:

Яны былі героямі. Мяне вельмі расчульваюць гукі гэтай сірэны.

У мяне сямейныя ўспаміны, бо прабабуля і бабуля змагаліся ў Варшаўскім паўстанні. І мне здаецца, што гэта такая рэч, якая можа нас аб’яднаць. Не толькі варшавякаў, але агулам палякаў.

Некалі гэта было прыгожым зрывам, але цягам гадоў я дайшла да высновы, што ён быў прырэчаны на паразу. Шкада тых жыццяў, але мы паказалі свету, што палякі умеюць змагацца, што яны народ з гонарам.

У час жалобных мерапрыемстваў надзвычайных сітуацый не адбылося.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава