Васіль Валасюк: Нас саміх трэба абараняць…



Намеснік старшыні Менскай абласной арганізацыі “Беларускага таварыства абароны спажыўцоў” Васіль Валасюк распавёў, чаму іх арганізацыя патрапіла ў складаную сітуацыю.

Рэспубліканская арганізацыя па абароне правоў спажыўцоў звярнулася з адкрытым лістом да кіраўніка краіны.

Васіль Валасюк: Нагодай для звароту стала тое, што сітуацыя ў галіне абароны правоў спажыўцоў склалася, можна сказаць, крытычная. Як вядома, у 2012 годзе былі ўнесены папраўкі ў Закон аб абароне правоў спажыўцоў. Папраўка патрабуе заключэння дамовы са спажыўцом аб бязвыплатным аказанні паслуг. У выніку гэтых новаўвядзенняў Беларускае таварыства аброны правоў спажыўцоў і яе 47 рэгіянальных арганізацый аказаліся на мяжы закрыцця. Кожны дзень на “Гарачую лінію” нам паступае 45-50 званкоў у дзень, на асабісты прыём да юрыстаў прыходзяць штодзённа 10-15 чалавек. Нашая арганізацыя такім чынам здымае нагрузку з органаў улады. Да таго ж, варта сказаць, што  дзяржаўныя ўпаўнаважаныя, якія працуюць пры мясцовых райвыканкамах – не спецыялісты ў галіне абароны правоў спажыўцоў. Яны толькі выконваюць нагрузку да службовых абаязкаў.

РР: А якая нагрузка ў вашай арганізацыі?

Васіль Валасюк: Па статыстыцы, у 2016 годзе 70 адсоткаў судовых спраў, якія тычацца абароны правоў спажыўцоў, правялі менавіты нашы спецылісты. І як дзяржаўныя органы ацанілі нашу працу? Як толькі функцыі па каардынацыі дзейнасці ў галіне абароны правоў спажыўцоў былі перададзены Міністэрству гандлю, пачаўся павольны ціск спажывецкага руху пад выглядам яго рэгулявання. А ўнесеныя ў заканадаўства папраўкі прымусілі працаваць грамадскія аб’яднанні на дабрачыннай аснове. Ды і людзі там знаходзяцца на грамадскіх пачатках, паколькі не могуць арэндаваць памяшканні, аплочваць паслугі сувязі і “камуналку”, падаткі. Таму ў рэгіёнах у сваёй большасці нашы арганізацыі аказваюць спажыўцам дапамогу толькі ў выглядзе парад.

РР: Як тады выжываюць арганізацыі па абароне правоў спажыўцоў у рэгіёнах?

Васіль Валасюк: Матэрыяльна-тэхнічная база на вельмі нізкім узроўні. Шмат дзе людзі працуюць на ўласных камп’ютарах. Агульнасеткавыя арганізацыі не маюць льгот па адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Яны плацяць падаходны падатак, робяць адлічэнні ў аддзяленне Белдзяржстраха. Пры гэтым апошні мае нейкія рэпрэсіўныя паўнамоцтвы: патрабуе штомесячныя справаздачы, можа закрыць рахунак, калі там няма сродкаў… Але, нягледзячы на ўсе складанасці, мы працуем і дапамагаем людзям. Хочацца, безумоўна, каб улады ацанілі нашу працу і не дадавалі складанасцей у ёй. Калі дзяржава не абароніць нас, то значыцца яна адмаўляецца і ад абароны сваіх грамадзян – спажыўцоў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя