Васіль Якавенка: Прайду ўсе інстанцыі



Беларускі пісьменнік Васіль Якавенка распавёў пра тое, да чаго прывялі яго памкненні прыцягнуць да крымінальнай адказнасцсі старшыню Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца.

Нагадаем, што ў  заяве на імя пракурора Менска Васіль Якавенка напісаў, што на адной з апошніх прэс-канферэнцый Чаргінец падчас публічнага выступлення “дапусціў хлуслівыя домыслы, якія ганьбяць мой гонар”. Раней кіраўнік Саюза пісьменнікаў так патлумачыў, чаму ён і сябры яго Саюза супраць таго, каб творы Васіля Якавенкі і Уладзіміра Арлова былі ўключаны ў школьныя праграмы: “Яны адкрыта праслаўляюць фашызм і патрабуюць назваць у Мінску вуліцу іменем Вільгельма Кубэ, гаўляйтара Беларусі ў гады нацысцкай акупацыі”. І яшчэ: “Гэтыя пісьменнікі спрабуюць вярнуць часы фашызму ў Беларусі. Мы, канечне, супраць такіх кніг”.

Якавенка палічыў, што дзеянні М.Чаргінца падпадаюць пад прыкметы ч.2 арт.188 Крымінальнага кодэкса Беларусі, а таму прапанаваў пракуратуры ўзбудзіць справу аб прыцягненні старшыні СПБ да адказнасці.

Васіль Якавенка: Ленінскі раённы адзел міліцыі Менска адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, але пракуратура Менскай вобласці прызнала адмову недастаткова абгрунтаванай і мала вывучанай. Па гэтай прычыне матэрыялы вярнулі ў той жа Ленінскі РУУС на дадатковае расследаванне. Ужо цяпер свае паказанні па справе далі пісьменнік Уладзімір Арлоў, журналісты Іна Студзінская і Алесь Новікаў. А вось Чаргінец, напэўна, спадзяецца сухім выйсці з бруднай  вады, якую сам жа і ўскаламуціў, і працягвае друкаваць далей свае агрэсіўныя лісты.

РР: На ваш погляд, якія перспектывы гэтай справы?

Васіль Якавенка: Думаю, тут усё будзе залежыць не столькі ад участковага міліцыянера, які будзе праводзіць праверку, колькі ад рашэння начальства. Але нават калі ізноў будзе адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, я буду і надалей дабівацца справядлівасці ў вышэйшых інстанцыях. У рэшце рэшт, у мяне ёсць усе неабвержныя доказы, што на мяне быў паклёп. Таму спадзяюся на лепшае.   

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя