Васіль Завадскі: Вязні не маюць магчымасці да нас звярнуцца



Кіраўнік сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт” Васіль Завадскі распавёў, ці ёсць у арганізацыі вынікі, якімі можна пахваліцца за больш чым два гады працы.

Нагадаем, што ў лютым 2017 года было аб’яўлена пра стварэнне ў Беларусі сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт”, “асноўнай задачай якой будзе праваабарончая дзейнасць, і ў прыватнасці – абарона правоў зняволеных”.

Установа была афіцыйна зарэгістравана ў Менскім гарвыканкаме. Узаначаліў арганізацыю былы начальнік медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі Васіль Завадскі.

Васіль Завадскі: У лютым будзе тры гады, як існуе і працуе “ТаймАкт”. За гэты час адбылася структурызацыя накірункаў нашай дзейнасці. Усё гэта, напэўна, можна было і першапачаткова прадугледзець, але людзі звярталіся з самымі рознымі пытаннямі, а таму працу і планы давялося карэктаваць. Хацелася ўсім дапамагчы, таму бегалі то ў адзін бок, то ў другі. А з рэсурсамі былі праблемы.

Цяпер мы спыніліся на больш канкрэтных пытаннях, і, у прыватнасці, на якасці медычнага абслугоўвання ў месцах пазбаўлення волі. Для мяне гэтая тэма блізкая, таму тут аказваем рэальную дапамогу. Акрамя таго, па меры магчымасці даем людзям юрыдычныя кансультацыі. Але хацелася б больш мець сваіх прадстаўнікоў у рэгіёнах.

РР: Ці шмат да вас звяртаецца людзей?

Васіль Завадскі: Хапае. Звяртаюцца ў асноўным блізкія зняволеных, а вось вязні гэта зрабіць не могуць па той простай прычыне, што не дазволіць адміністрацыя калоніі. Там жа сур’ёзная цэнзура, таму зварот вязня нават не выйдзе за межы турмы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Васіль Сямашка