Васіля Палякова могуць не выпусціць з ізалятара на провады сына ў войска



Гомельскага палітыка Васіля Палякова могуць не выпусціць з ізалятара на провады сына ў войска.

Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць гэта дадатковым фактарам ціску на апазіцыянера, які трымае 10 суткі галадоўку ў ізалятары часовага ўтрымання.

— Васіля сын прызываецца ў войска. Мы даведаліся, што 15-га траўня ён прызываецца ў войска, а Васіль выходзіць 16-га ў 13:30. Выходзіць, ён можа быць пазбаўлены магчымасці належным чынам правесці свайго адзінага сына ў войска. Гэта для кожнай сям’і, для кожнага бацькі, пэўнае «свята», бо наступная сустрэча можа адбыцца толькі падчас прыняцця прысягі. Да прысягі салдат знаходзіцца ў каранціне і да яго не пускаюць.  

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў быў затрыманы міліцыянтамі на дазволеным гомельскімі ўладамі мітынгу 1 мая. Палітыка пакаралі за непадпарадкаванне міліцыі і парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Назіральнікі сцвярджаюць, што насамрэч прычынай арышту стала тое, што Васіль Палякоў разгарнуў на акцыі бел-чырвона-белы сцяг.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель