Васкрасенскі перадаў сілавікам спіс зняволеных, якія просяць аб памілаванні



Кіраўнік гэтак званага «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юры Васкрасенскі перадаў на ўзгадненне сілавікам спіс зняволеных, якія напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, паведамляе агенцтва Sputnik. Сцвярджаецца, што ў спісе 100 чалавек. Да 1 верасня нібыта рыхтуецца другі спіс, у якім на гэты момант ужо 30 вязняў.

Раней Юры Васкрасенскі заяўляў, што ад імя «Круглага стала дэмакратычных сілаў» накіраваў у следчыя ізалятары і месцы зняволення больш за 600 лістоў з просьбай напісаць «пакаянні за зробленае». Прашэнне можа падаць кожны зняволены, аднак само памілаванне «ажыццяўляецца прэзідэнтам у індывідуальным парадку». У Беларусі па стане на 10 жніўня палітвязнямі прызнаныя 627 чалавек. Агулам заведзена за пратэсты каля 5000 крымінальных спраў.