Ваўкавыскага актывіста дапыталі ў Гародні



Віталь Гуляк дапытаны ў гарадзенскай міліцыі. Актывіст з Ваўкавыска прыехаў у Гародню дзеля азнаямлення са складзеным на яго адміністрацыйным пратаколам. Міліцыянт Аляксей Вайцешка паказаў пратакол, складзены за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які прайшоў у Гародні 19 лютага.

Віталь Гуляк адмовіўся даваць тлумачэнні:

— Парушаюцца мае правы, парушаецца закон. Заяўка была пададзена, проста ўлада падлівае масла ў агонь, распальвае сітуацыю. Мяне гэта абурае, я не лічу законным складання ўсіх гэтых пратаколаў. Тым больш, што яны паступаюць так выбарачна. То бок складайце ўжо на большую колькасць. А мне міліцыянт сам прызнаецца, што ў іх ёсць загад складаць толькі на актывістаў, апазіцыянераў, найбольш актыўных. 

Гарадзенскія праваабаронцы асуджаюць сітуацыю са складаннем пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі 19 лютага.

Кажа праваабаронца Віктар Сазонаў:

— Проста так, асабліва ў Гародні гэтую справу не пакінуць, бо мы ведаем, што ўжо больш за 15 гадоў улады не дазвалялі аніводнага масавага мерапрыемства і разам з тым, з аднаго боку не дазваляюць, а з іншага — лятуць караць. Пры чым кары, як мы ведаем, неверагодна вялікія. Мы, як праваабаронцы асуджаем гэтую сітуацыю і зараз збіраем подпісы для падачы іх у гарвыканкам, з указаннем усіх гэтых парушэнняў Канстытуцыі.  

Праваабаронца лічыць, што толькі грамадскі розгалас і салідарнасць могуць паўплываць на рашэнне судоў над грамадскімі актывістамі – удзельнікамі гарадзенскага “Марша недармаедаў”. Чарговая акцыя ў Гародні плануецца на 15 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя