Вазок для Дашы



Блогерка і пісьменніца са смаргонскага Залесся Дар’я Ліс збірае грошы на новы электравазок. Без дапамогі суайчыннікаў гэтай мэты ёй не дасягнуць.

Кожны травень Даша наведвае санаторый. Гэта не раскоша, а абсалютная неабходнасць пры спінальна-мышачнай атрафіі. Фрылансам шмат не заробіш, але на штогадовую платную пуцёўку ў камфортным месцы лячэння і адпачынку хапае. Аднак сёлета Дар’я Ліс карыстаецца бясплатнай, на якую інваліды першай групы раз на два гады маюць права. Яна эканоміць, каб мара пра “новыя ногі” як мага хутчэй стала рэальнасцю.

Сабраць трэба 34 тысячы беларускіх рублёў. Нямецкі вазок Ottobock C1000 SF, на выбары якога спынілася Даша, каштуе 15 тысяч еўра, яшчэ каля 4000 беларускіх рублёў пойдзе на сплату “падатку на дабрачыннасць”, 13% ад сабранай сумы. “15 тысяч еўра – гэта вельмі шмат, калі параўноўваць з коштам добрага аўтамабіля. Але я параўноўваю гэта з нагамі, якія вельмі патрэбны,” – кажа дзяўчына.

У абранай мадэлі вазка не проста добрыя колы і амартызатары, якія дазволяць больш безбар’ерна прагульвацца па вясковым бездарожжы, падарожнічаць па свеце. У ім ёсць вертыкалізатар, карысны для Дашынай рэабілітацыі. Механізм дае магчымасць дацягнуцца да высокіх прадметаў і ездзіць стоячы, што абсалютна не лішне вазочніку з больш як 20-гадовым стажам і сустаўнымі праблемамі.

На здымках Дар’і Ліс можна бачыць, што ў яе ўжо ёсць электрычны вазок. Яго набывалі сем год таму самастойна, без грамадскіх кампаній і краудфандынгу. Прапанова такая была, былі і прыклады паспяховых збораў, але Даша тады вырашыла, што іх сям’я справіцца і так. Яны і справілася, часткова пра дапамозе Дашыных калег. Але стары вазок пачынае ламацца і не дае рады вазіць сваю гаспадыню па нашым спецыфічным безбар’ерным асяроддзі. А купіць новы без старонняй дапамогі на гэты раз праблематычна.

Канешне, з’яўляецца пытанне, ці не забяспечвае дзяржава інвалідаў бясплатнымі электравазкамі. Даша Ліс адказвае, што часткова забяспечвае, але мадэлямі, якімі рызыкоўна карыстацца, калі ў пазваночніку стаіць тытанавы стрыжань: “Сем год таму, калі я збірала грошы на першы электравазок, яшчэ не было магчымасці атрымаць яго бясплатна. Пазней з’явілася мадэль беларускай вытворчасці, гэтак званая “Белка”. Але яна вельмі слабенькая, ёй дрэнна карыстацца на вуліцы, там ёсць праблемы з электроннымі тармазамі і гэтак далей. Гэта была першая мадэль. Цяпер з’явілася другая, выглядае яна крышачку лепш, але ўсё роўна ёю карыстацца рызыкоўна. І яна не пайшла пакуль у шырокі ўжытак. Наколькі я ведаю, яе праз сабесы пакуль нельга атрымаць”. Для параўнання, немец з абмежаванымі магчымасцямі атрымлівае вазок, пра які марыць Даша, проста ў кошт медыцынскай страхоўкі. Наўрадці гэта адбываецца ад празмернага багацця заходняй краіны – хутчэй ад разумення, што нерухомаму чалавеку важна мець магчымасць зручна перасоўвацца хаця б на электрапрыстасаванні.

 

Нямецкі вазок Ottobock і ўдасканаленая беларуская “Белка”

На дадзены момант сабрана менш за 20% ад неабходнай сумы, але Дар’я Ліс усё роўна расчулена падтрымкай яе кампаніі – фінансавай, інфармацыйнай, маральнай. Збіраць грошы на платформе “Талака” ёй дапамагаюць перакладчыкі Марыя Мартысевіч і Ігар Крэбс, а таксама дасведчаны ў дабрачынных кампаніях палітолаг і багаслоў Наталля Васілевіч.

Падтрымаць стыпендыятку літаратурнага фонда Магдалены Радзівіл, журналістку Дар’ю Ліс можна, ахвяруючы грошы непасрэдна на “Талацэ”, назва кампаніі – “Вазок для Дашы”. Можна таксама пералічыць грошы непасрэдна на рахунак:

Транзітны рахунак банка 3812 114 000 312

„Прыёрбанк” ААТ

Код банка 749 

УНП 100220190 

Прызначэнне плацяжа: для залічэння на дабрачынны рахунак № 749142-00631-000001 (Ліс Дар’я Алегаўна).

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя