Вазок для журналісткі і пісьменніцы Дар’і Ліс



1 чэрвеня ў сядзібе ПЭН-цэнтра ў Менску адбыўся дабрачынны распродаж кніг ды вялікая імпрэза ў падтрымку кампаніі збору сродкаў на вазок для таленавітай маладой пісьменніцы, журналісткі ды блогеркі Радыё Рацыя Дар’і Ліс.

Дар’я на Балтыйскім моры. Фота talaka.by

Падлеткам яна страціла магчымасць самастойна хадзіць праз развіццё ў яе спінальна-мышачнай атрафіі — генетычнага захворвання, пры якім у чалавека не працуюць мышцы ног, галавы і шыі.

 

Кажа адна з арганізатарак кампаніі збору сродкаў і мадэратар дабрачыннай імпрэзы Марыя Мартысевіч:

— Даша такі чалавек, каторы не можа не запаліць агнём, святлом. Гэта была такая супольная ініцыятыва сяброў, сям’і і самой Дашы. Некаторыя мараць пра вазок, а Даша ставіла перад сабой мэту. Яе сяброўка Наталка Васілевіч адгукнулася на гэта і я, як чалавек з досведам арганізацыі розных акцый таксама з радасцю далучылася да кампаніі. Цяпер мы з Ігарам Крэбсам і Ганнай Янкутай зладзілі вечарыну ў межах нашай кампаніі, каб прыцягнуць увагу да збору сродкаў у інтэрнэце. Дашы перыядычна трэба ляжаць, каб адпачылі суставы. Мы хочам купіць вазок з вертыкалізатарам, бо ён дазволіць ёй разгружаць суставы і мяняць позу. Нашая акцыя, краўдфайдынг гэта збіранне грошай супольнасцю. Такім чынам супольнасць пашырае сям’ю. Атрымліваецца такая ваялікая сям’я, дзе кожны робіць свой унёсак».

 

Падтрымаць калегу ды сяброўку на імпрэзу прыйшлі  беларускія літаратары, выдаўцы ды музыкі. Яны абмянялі свае кнігі і дыскі на ахвяраванні для Дашы Ліс. На сёння сабраная больш за траціна ад патрэбнай сумы.

Арганізатары і сябры Дар’і просяць усіх неабыякавых людзей далучыцца да кампаніі па зборы сродкаў на краўндфайдынгавай платформе talaka.by  і дапамагчы здейсніцца мары Дар’і.

 

Больш падрабязная інфармацыя пра імпрэзу і кампанію дапамогі Дашы ў далучаным файле:

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск