Веласвята “Ровар на кожны дзень” у Берасці



Веласвята “Ровар на кожны дзень” праходзіць ля Берасцейскага вяслярнага канала.

Мерапрыемства арганізавана інфармацыйна-асветніцкай установай “За вела Берасце” пры падтрымцы ўладаў горада. Каментуе дырэктар установы Уладзь Красько:

– Свята прысвечана папулярызацыі ровара як штодзённага сродка перамяшчэння па горадзе. І гэта пробнае мерапрыемства, якое пакажа зацікаўленасць берасцейцаў у падобных святах. Калі яно будзе запатрабавана сярод грамадства, мы будзем праводзіць яго і ў іншых мікрараёнах.

У праграме свята: велаэстафета, забаўляльныя праграмы, конкурсы, майстар-класы і сустрэчы са спартоўцамі-прафесіяналамі. “Такімі мерапрыемствамі мы актызвізуем веларух у горадзе”, – лічыць адна з наведвальніц веласвята і велаактывістка Наталля:

– Штодзень штосьці робіцца для раварыстаў. Канешне павольна, але робіцца. І нас гэта вельмі радуе. Да нас прыслухоўваецца адміністрацыя горада. Мы прыходзім, яны выслухоўваюць нас, мы раімся з імі.  І такім чынам наладжваецца інфраструктура.

Свята праводзіцца пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце