Вераніка Іванова: Будзем дамагацца, каб суд быў адкрытым



Сваякі і паплечнікі пінскіх пратэстоўцаў маюць намер выкарыстаць усе магчымасці, каб суд над імі быў адкрытым. Працэс над 14-ю жыхарамі Пінска адбудзецца ў Берасцейскім абласным судзе. У родным горадзе суддзі адмовіліся разглядаць крымінальную справу за “масавыя беспарадкі” ў першы паслявыбарчы вечар.

“Шанцаў на адкрыты працэс мала, але спрабаваць трэба”, – адзначае старшыня Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова:

– На сённяшнім нават адміністрацыйным працэсе, калі сведка заяўляе, што будзе парушана яго бяспека з раскрыццём звестак, ужо ёсць права ў суда зрабіць працэс закрытым. Так і ў нас, усе пацярпелыя і сведкі – гэта супрацоўнікі міліцыі, таму 99,9% што працэс будзе закрытым. Спрабаваць мы будзем, але я мяркую, што мы трапім толькі на вынясенне прысуду. Зрабіць яго закрытым – гэта не правільна.

Чатырнаццаць пінчукоў затрымалі пасля стыхійнага мітынгу каля будынка гарадскога выканаўчага камітэта, які скончыўся сутычкай з міліцыянтамі. Па версіі следства затрыманыя сваімі дзеяннямі траўмавалі паўсотні сілавікоў і нанеслі шкоду на 23 тысячы рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя