Вераніка Іванова: Думаю, тэрміны будуць максімальныя
Сваякі і сябры пінчукоў-палітвязняў маральна падрыхтаваліся да самых жорсткіх прысудаў. Дзесяці жыхарам Пінска пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення за ўдзел у стыхійным мітынгу ў ноч з 9-га на 10-га жніўня каля Пінскага гарадскога выканкама.
Па словах старшыні Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Веранікі Івановай, гэта правільны настрой у існых умовах:
– Мне здаецца гэта слушна. Бо горш няма сітуацыі, калі ты чакаеш справядлівасці, а атрымліваеш у судзе максімальны прысуд. І наступае стан шоку. Я згодная з песімістычнымі настроямі сваякоў, і я таксама лічу, што там тэрміны будуць максімальныя. І мне здаецца, вось гэтая гатоўнасць прыняць найгоршае, яна правільная, яна змякчае боль.
Усяго ў Пінску за пратэсты ў першую паслявыбарчую ноч затрымалі 14 пінчукоў. Дзесяць з’яўляюцца фігурантамі крымінальнай справы па частцы 2 артыкула 293 “масавыя беспарадкі”, а чацвярых вылучылі ў асобнае справаводства і падрабязнасці пакуль не вядомыя.
Беларускае Радыё Рацыя