Вераніка Іванова: Гэта ілюзіі, што супрацоўніцтва з праваабаронцамі абцяжарвае прысуд



Прысуд для двух пінчукоў Іллі Бохана і Сцяпана Дразда, якія з’яўляюцца фігурантамі “пінскай справы”, пакуль не агучылі. Аб’яўлены перапынак з-за асабістых праблем у адваката аднаго з абвінавачваемых. Неўзабаве працэс у судзе Маскоўскага раёна Берасця павінен аднавіцца.

Пінчукам пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення. “Верагодна, што яны пагодзяцца з прысудам, бо сваякі занялі пазіцыю не камунікаваць з праваабаронцамі”, – мяркуе грамадская дзяячка Вераніка Іванова:

– Ці пойдуць яны абскарджваць, я не ведаю. І мяркуючы па іх пазіцыі, яны могуць і не падаваць скаргі. Таму я мяркую, што хутчэй за ўсё цягам 10 дзён з моманту агалошвання прысуд уступіць у сілу, і можна будзе казаць пра тое, што ў нас яшчэ плюс два чалавекі, якія таксама пойдуць па этапе. Іх родныя не палічылі неабходным супрацоўнічаць з праваабаронцамі. Яны знаходзяцца ў той жа ілюзіі, што супрацоўніцтва з праваабаронцамі абцяжарвае прысуд.

Пакаранне за ўдзел у першы паслявыбарчы вечар у стыхійным мітынгу пад будынкам Пінскага гарадскога выканкама ўжо адбываюць 24 жыхара Пінска. Усе яны прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Беларускае Радыё Рацыя