Вераніка Іванова: Гэта спробы запужаць, дарэмныя спробы (абноўлена)



У Пінску суд пакараў штрафам Вераніку Іванову ў памеры 20-ці базавых велічыняў. З канца жніўня гэта ўжо другі суд над спікерам пінскіх прыхільнікаў перамен. Абвінавачванні па абодвух справах аднолькавыя – удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і аналагічны прысуд.

Гаворыць Вераніка Іванова:

– Я ўпэўнена, што рашэнне было вынесена яшчэ да разгляду справы. Чагосьці іншага я і не чакала. Я ўспрымаю яго як адміністрацыйны ціск на ініцыятыўных асоб і ў цэлым на актывістаў і на грамадства. Гэта проста элемент ціску і звязана з грамадзянскай пазіцыяй. І я ўжо рыхтуюся да абскарджвання.  

Суды над пінчукамі, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту, трываюць ужо другі тыдзень. Тым не менш акцыі салідарнасці і нязгоды з дзеючай уладай у горадзе над Пінай працягваюцца. 

***

Сёння, 10 верасня, у судзе горада Пінска і Пінскага раёна працягнецца разбіральніцтва справы ў дачыненні да адной з лідарак мясцовых пратэстоўцаў – Веранікі Івановай.

Яе вінавацяць у тым, што 20-га жніўня яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве каля помніка “Партызанам Палесся”.

Грамадская актывіста заявіла ў судзе, што ў той дзень збірала подпісы пад зваротам да дэпутатаў:

– Я кіруюся тлумачэннямі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. І лічу, што збор подпісаў без збору людзей проста немагчымы. Збор подпісаў не з’яўляецца масавым мерапрыемствам. Я мяркую, што гэта беззаконне. Я мяркую, што гэта тэрор. Гэта спробы запужаць і націснуць. І лічу, што гэтыя спробы будуць безвыніковыя.

Вераніку Іванову напрыканцы жніўня ўжо пакаралі 20-цю базавымі за ўдзел у акцыях пратэсту. Таксама на яе ціснуць праз дзяцей – сын Кірыл атрымаў 10 сутак арышту, а непаўнагадовымі дзецьмі раптоўна зацікавіліся сацыяльныя службы.

Беларускае Радыё Рацыя