Вераніка Іванова: Лічу, што справа фабрыкуецца ад пачатку да канца



Крымінальная справа за акцыю пратэстаў у Пінску ўноч пасля выбараў ужо ў судзе. Яе фігурантамі з’яўляюцца дзесяць пінчукоў, дзевяць паўгады знаходзяцца ў Баранавіцкім СІЗА №6 і адзін пад хатнім арыштам. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў “масавых беспарадках”, падчас якіх пацярпелі звыш паўсотні міліцыянтаў. Выстаўлена і сума нанесенай шкоды – 23 тысячы рублёў.

Старшыня Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова ўпэўнаная, што судовы працэс па гэтай справе будзе паказальным:

– Скажу нават як не юрыст, скажу як звычайны грамадзянін. Умоўна кажучы, дзесяць чалавек у шортах і майках, не маючы ніякай зброі, і 50 супрацоўнікаў у форменным абмундзіраванні са сродкамі індывідуальнай абароны. І як кожны з іх мог нанесці траўмы не менш чым пяці супрацоўнікам!? Для мяне гэта непраўдападобна. Я лічу, што справа фабрыкуецца ад пачатку да канца. І лічу, што калі 10% заяўленай інфармацыі ў справе будзе праўдзівай, то гэта будзе вельмі добра.

Суразмоўца дадае, што ўсяго за стыхійны мітынг каля Пінскага гарадскога выканкама затрымалі чатырнаццаць пінчукоў. Чацвярых вылучылі ў асобнае справаводства, на якой падставе, пакуль невядома.

Беларускае Радыё Рацыя