Вераніка Іванова: Народ прачнуўся



Паўгода, як у Беларусі трываюць паслявыбарчыя пратэсты. Па інфармацыі праваабаронцаў, ад моманту прэзідэнцкай кампаніі, за ўдзел у акцыях, затрымалі каля 34 тысяч чалавек. Большасць атрымала штрафы альбо „суткі”. У краіне рэкордная лічба палітвязняў – 227 чалавек.

Старшыня пінскіх сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова ўпэўненая, што перамены ўжо адбыліся і шляху назад няма:

– Народ прачнуўся, незваротна змяніўся, у многіх адкрыліся вочы. Не ва ўсіх хапае адвагі на нейкія актыўныя дзеянні, але я мяркую, што па-ранейшаму ўжо не будзе ніколі. Нас чакае шэраг выпрабаванняў. Ніколі не мела ілюзій наконт таго, што мы пастаім тыдзень ці памашам балонікамі ды кветачкамі і ўлада ў краіне зменіцца. Гэта быў толькі пачатак, гэта была толькі візуальная дэманстрацыя нашай гатоўнасці, скажам так, выражаць сваю нязгоду. Гэта перамены, перамены ў першую чаргу ў розумах людзей.

Па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, 7-га лютага аб’яўлена Міжнародным днём салідарнасці з Беларуссю.

Беларускае Радыё Рацыя