Вераніка Іванова: Не атрымалі ні дазволу, ні тлумачэння



Пінская міжраённая пракуратура праігнаравала зварот прыхільнікаў перамен. Людзі намагаліся атрымаць тлумачэнні, на якой падставе і хто ў жніўні даў дазвол праўладным арганізацыям правесці мітынг у падтрымку Лукашэнкі ў месцы, не прызначаным для такіх мерапрыемстваў.

Акрамя звароту ў пракуратуру, не пакідаюцца спробы атрымаць ад чыноўнікаў афіцыйны дазвол на мітынгі, – гаворыць праваабаронца Вераніка Іванова:

– Мы накіравалі свой зварот з просьбай, каб нам патлумачылі, чаму праўладны мітынг быў праведзены на прошчы Леніна, якая не ўваходзіць у пералік дазволеных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Адказу мы не атрымалі – ні падрабязнага, ні кароткага. На тры наступныя нядзелі мы падалі заяўкі на мітынг. На сённяшні дзень адказаў па ім не атрымалі. Чакаем.

Напрыканцы жніўня кіраўнік пінскай міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі запэўніваў прыхільнікаў перамен, што гарадскія ўлады гатовыя даць дазвол на правядзенне сходаў, але ўсяго трэба скласці заяўку. У верасні чыноўнікі ўжо адмовілі па чатырох заяўках.

Беларускае Радыё Рацыя