Вераніка Іванова паскардзілася ў Пінскую міжраённую пракуратуру
Пінская міжраённая пракуратура адказала на скаргу праваабаронцы Веранікі Івановай. У заяве яна патрабавала разабрацца па факце незаконнага ўтрымання яе ў пінскім ізалятары з 23-га па 26-е кастрычніка. Праваабаронца мае двух непаўнагадовых дзяцей.
“Гэта звычайная адпіска і нават не па тэме”, – гаворыць Вераніка Іванова:
– Гэта нагадвае размовы ў бальнічнай палаце. Ты пытаешся: “за чем?”. А табе адказваюць: “за сталом”. Мне адказалі, што для прынясення пратэсту на пастанову неабходна заплаціць дзяржпошліну. Хачу адзначыць, што я прасіла іх не прынясення пратэсту, а аб прыняцці мер у сувязі з неправамернымі дзеяннямі супрацоўнікамі праваахоўных органаў. То бок мне адказалі не па сутнасці пытання. Я ім зноў накіравала скаргу са сваімі тлумачэннямі, бо яна не разгледжана па сутнасці. Мне не патрэбна прынясенне пратэсту, мне патрэбна прыняцце мер з прычыны неправамерных дзеянняў.
Праваабаронца дадае, што калі з сітуацыяй урэшце не разбярэцца пінская пракуратура, то яна будзе звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: 1pinsk.by
