Вераніка Іванова: Прычын супакоіцца адносна мяне ва ўлады няма



У Пінску мясцовы Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі трымае ў таямніцы вынікі праверкі ў дачыненні да Веранікі Івановай.

У студзені жыхар Пінска напісаў заяву на старшыню пінскіх сацыял-дэмакратаў, звінаваціўшы яе ў махлярстве. Праверка закранула прадпрымальніцкую дзейнасць Івановай ажно за 2015 год.

На думку грамадскай актывісткі, хутчэй за ўсё, што пракуратура падоўжыла тэрміны разбіральніцтва:

– Была апытаная, ад мяне былі атрыманы дакументы. На сённяшні дзень нічога пра развіццё падзеяў я не ведаю. Я думаю, што па тэрмінах праверка хутчэй за ўсё завяршылася, але ў нас ёсць такі цудоўны кантралюючы орган як пракуратура, і я думаю, што справа на кантролі зараз у пракуратуры. Відавочна, праверка будзе адноўлена, таму што прычын супакоіцца адносна мяне ў праваахоўных органаў няма.

У канцы мінулага года ў дачыненні да Веранікі Івановай аналагічную праверку ладзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, і ўсё па заяве таго ж пінчука. Тады ніякіх парушэнняў выяўлена не было.