Вераніка Іванова: Татальная зачыстка будзе трываць да 9-га жніўня



„Татальная зачыстка грамадскага сектара будзе трываць да 9-га жніўня”, – так мяркуе старшыня Пінскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” Вераніка Іванова.

Паводле яе слоў, так рэжым рыхтуецца да гадавіны пачатку пратэстаў:

– Я мяркую, што гэта звязана толькі з гэтым. Бо тыя пытанні, якія задаюцца і тое, што яны шукаюць, там логікі няма абсалютна ніякай. Я мяркую, што гэта не прычына. Прынамсі тыя следчыя дзеянні, якія праводзіліся ў мяне, былі звязаныя з чатам АГСБ, у якім я ніколі не быў звязаны ніякім чынам, у ім не ўдзельнічала. Нават калі б яны захацелі высветліць мае сувязі з гэтым чатам, то я думаю, што дзейнічалі б яны зусім па іншаму. Я мяркую, што гэта нагода.

З мінулага тыдня па ўсёй краіне сілавікі праводзяць ператрусы і затрыманні грамадзян, якія хоць нейкім чынам праявілі сябе ў пратэстным руху. Перадусім пад ціскам журналісты, праваабаронцы і грамадскія актывісты, але ў поле зроку сілавікоў трапляюць і тыя асобы, хто наўпрост пакінуў у сацыяльных сетках крытычны каментар у адрас рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя