Вернікі касцёла незадаволены кавярняй “Церамок”



У Слоніме на Першамайскай вуліцы адкрылася прыватная кавярня “Церамок”. Гэта месца ў цэнтры горада шмат гадоў пуставала, але знайшоўся чалавек, які ўпарадкаваў яго і пабудаваў прыгожы будынак для адпачынку гараджан.

Знаходзіцца кавярня “Церамок” побач з касцёлам Бязгрэшнага зачацця святой Марыі, які быў пабудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Недалёка ад касцёла працуюць і кавярні “Шчара”, “Оазіс”. Гэта цэнтр старажытнага горада, таму тут усё побач – і кавярні, і рэстараны, і храмы. Ніхто нікому ніколі не перашкаджаў.

Ды калі будавалася кавярня – была цішыня. А вось калі адкрылася – вернікі касцёла пачалі выказваць прэтэнзіі, што, маўляў, музыка з кавярні перашкаджае праводзіць службы ў храме, што неабходна забараніць спіртное ў кавярні прадаваць, што планавалася тут дзіцячая кавярня і г.д. Нават паўстае пытанне, каб зусім закрыць гэты цэнтр адпачынку. Нават сходка адбылася з прадстаўнікамі Слонімскага райвыканкама, дзе вернікі выказалі сваё незадавальненне.

Па словах вернікаў, калі не закрыюць кавярню, якая нядаўна расчыніла дзверы, то яны будуць скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі. Паўстае пытанне: як можа перашкаджаць музыка, калі яна гучыць у памяшканні кавярні, побач кавярні – вялікая сцяна, якая аддзяляе двор каля храма і сам храм, ды і служба адбываецца ў храме, а не на вуліцы?  Адным словам – вернікі касцёла незадаволены “Церамком” у Слоніме. І канфлікт гэты толькі распачынаецца. 

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара