Ветэраны ўсё ж атрымаюць разовыя выплаты да 9 траўня



Ініцыятыва BySol па зборы сродкаў для аднаразовай дапамогі ветэранам Вялікай айчыннай вайны прымусіла ўлады адкруціць сітуацыю. Калі яшчэ пазаўчора не было інфармацыі пра традыцыйныя выплаты ветэранам, то ўжо сёння Міністэрства працы заявіла, што разовыя выплаты ўсё ж будуць.

Як адзначае адзін з ініцыятараў збору сродкаў Андрэй Стрыжак, агулам ветэраны атрымаюць ад дзяржавы каля 62 мільёнаў рублёў:

– Збор прайшоў дастаткова паспяхова. Калі казаць пра колькасць данатаў, якія мы атрымалі, то гэта ў першую чаргу тыя 62 мільёны рублёў, пра якія сказаў Лукашэнка, якія выдаткаваныя на ветэранаў. Бо яшчэ пазаўчора не было нават ніякай гаворкі, што ветэраны атрымаюць нейкую дапамогу. Цяпер улада цалкам адкруціла сітуацыю назад. Нам вядома, што сёння ўначы і банкаўскія супрацоўнікі, і сацыяльная сфера працавалі над тым, каб скласці гэтыя спісы. І ўжо сёння ветэраны і малалетнія вязні канцлагераў пачалі атрымліваць першыя выплаты.

Ініцыятыва BySol усяго за некалькі дзён сабрала яшчэ каля 30 тысяч еўра. Зараз ідзе верыфікацыя атрыманых заявак на атрыманне выплат ветэранам, дадае Андрэй Стрыжак:

-Гэта выклікала вельмі моцны рэзананс. Лукашэнка ўчора выступіў з заявай, што нібыта ветэраны не возьмуць гэтыя грошы, таму што яны “крывавыя”. Хачу абвергнуць яго, таму што мы маем ужо больш за 50 заяў ад сваякоў і блізкіх ветэранаў. Яны зараз праходзяць верыфікацыю, каб мы былі ўпеўненыя, што гэта не махляры. І гэтыя людзі атрымаюць дапамогу бяспечным спосабам, які не можа ўлада перасекчы.

Першапачаткова разовыя выплаты да Дня Перамогі сёлета не планаваліся. Пра гэта за некалькі дзён да свята казала прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Аднак калі ініцыятыва BYSOL заявіла пра намер сабраць грошы для ветэранаў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ветэраны «не возьмуць крывавыя грошы”, і што выплаты ад дзяржавы ўсё ж такі будуць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: РИА Новости і politring.com