VII З’езд беларусаў свету адбудзецца 15–16 ліпеня 2017 года ў Менску



Дату і месца правядзення зацвердзіла Малая Рада Згуртавання на пасяджэнні, якое адыбылося 15 снежня ў Менску. Таксама Рада прыняла шэраг важных рашэнняў, сярод якіх найпершае – вызначэнне тэмы З’езду: “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”.

1_zezd_bel_svetu

Гэтая тэма дазваляе засяродзіць увагу на праблеме захавання дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, што ў святле геапалітычных працэсаў апошняга часу набывае ўсё большую актуальнасць, а таксама разгледзець па-ранейшаму надзённыя праблемы, звязаныя са слабай нацыянальнай ідэнтычнасцю як сярод беларусаў замежжа, гэтак і ў самой Беларусі. Важным аспектам працы З’езду стане выпрацоўка рэкамендацый адносна практычных крокаў для паглыблення ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і беларусамі замежжа.

Як вядома, З’езды беларусаў свету ладзяцца Згуртаваннем раз на чатыры гады, пачынаючы ад 1993 года. І кожны з’езд рабіўся важнай падзеяй, этапам у развіцці стасункаў паміж Беларуссю і беларусамі замежжа. Менавіта з ініцыятывы Згуртавання “Бацькаўшчына”, агучанай на Трэцім з’ездзе, пачалі фарміравацца прапановы для законапраекта “Аб беларусах замежжа” і дзяржаўнай праграмы “Беларусы ў свеце”. З прыняццем гэтага закона ў 2014 годзе быў юрыдычна замацаваны статус “беларус замежжа” і закладзеная заканадаўчая база для супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, якую цяпер трэба пашыраць і напаўняць практычнымі крокамі.

Чакаецца, што прапановы адносна ўзаемадзеяння беларускай дыяспары і Беларусі будуць абмеркаваныя як на пленарным пасяджэнні, так і падчас працы секцый. На сёння Малая Рада зацвердзіла 4 секцыі, з якіх Вялікая Рада (куды ўваходзяць прадстаўнікі і кіраўнікі беларускіх арганізацый у замежжы) абярэ тры.

На галасаванне Вялікай Рады вынесены наступныя тэмы секцый:

  1. Гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці.
  2. Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах.
  3. Беларуская мова і культура як падмурак дзяржаўнай незалежнасці.
  4. Хрысціянства ў Беларусі ў святле 500-годдзя выдання Бібліі Скарыны.

Малая Рада даручыла Управе сфармаваць Арганізацыйны камітэт і Працоўную групу па падрыхтоўцы Сёмага з’езду беларусаў свету, а таксама вызначыць нормы прадстаўніцтва дэлегатаў.

Беларускае Радыё Рацыя