Палітвязень Віктар Бабарыка звярнуўся ў Мінюст



Былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, экс-кіраўнік „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка напісаў у Міністэрства юстыцыі зварот у сувязі з выклікам аднаго з яго абаронцаў Аляксандра Пыльчанкі на пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі пры Мінюсце.

Як паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лаеўскі, 9 кастрычніка яны з Пыльчанкам наведалі Бабарыку ў СІЗА КДБ і расказалі яму аб выкліку адваката на пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі 15 кастрычніка. Там будзе разглядацца пытанне аб спыненні ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць.

У сваім звароце Бабарыка заявіў: „Намер пазбавіць майго абаронцу ліцэнзіі я расцэньваю як парушэнне майго права на абарону і націск на мяне. Я ўжо не маю магчымасці скарыстацца юрыдычнай дапамогай адваката Максіма Знака, якому была выдадзеная даверанасць на прадстаўленне маіх інтарэсаў у судах, у тым ліку па пытаннях ажыццяўлення выбарчых правоў. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай”.

Манеру, у якой адхіляюць Пыльчанку як адваката, Бабарыка лічыць „спосабам супрацьдзеяння аказанню юрыдычнай дапамогі”. „Прашу цяперашнюю заяву разгледзець на пасяджэнні кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці, улічыць маё меркаванне і паведаміць мне пра вынікі разгляду гэтай заявы”, — піша Бабарыка.

Як паведамлялася раней, 7 кастрычніка Аляксандру Пыльчанку ўручылі ў Мінюсце апавяшчэнне аб разглядзе пытання пра спыненне дзеяння яго ліцэнзіі. Што стала падставай для разгляду гэтага пытання, пакуль невядома.

Віктар Бабарыка знаходзіцца пад вартай ужо больш за тры месяцы. Ён быў затрыманы 18 чэрвеня па падазрэнні ва ўчыненні эканамічных злачынстваў і ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Бабарыку выстаўленае абвінавачанне па трох артыкулах КК: ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару). „Міжнародная амністыя” прызнала Віктара Бабарыку палітычным зняволеным.

belapan.by