Віктар Карняенка: Супрацьстаянне з грамадствам – шлях у тупік для любой улады



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка выказаўся пра тое, ці будзе ў краіне знішчана грамадзянская супольнасць.

Днямі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі грамадзянская супольнасць Беларусі будзе знішчана.

Віктар Карняенка: Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці працягваюцца, і ніхто не дасць дакладны прагноз, калі ўсё гэта скончыцца. Але такое супрацьстаянне з грамадствам – гэта шлях у тупік для любой улады. Старыя метады і інструменты сёння ўжо не даюць таго эфекту, які быў, напрыклад, напрыканцы 90-х гадоў, калі сапраўды быў сацыяльны кантракт і нейкі аўтарытэт улады.

А тое, што зараз, як кажуць, рэжым скінуў з сябе маскі – гэта таксама зразумела. Ідзе кампанія дэманстрацыйнага запалохвання грамадства. Калі раней прыкрываліся знешнімі патрэбамі, то сёння дайшлі да таго, што гатовы і амбасады пазакрываць. А калі так, то краіна фактычна пераўтвараецца ў губерню Расеі.

РР: Зараз уносяць дадаткі ў розныя законы, робяць іх больш жорсткімі… Навошта, калі законы амаль не працуюць?

Віктар Карняенка: Гэта ізноў-такі – інструмент запалохвання. Для апанентаў – гэта законы, а для сваіх людзей – разуменне, што могуць запалохаць апанентаў. І дрэннымі законамі карыстаюцца для таго, каб прыціснуць тых, хто не падтрымлівае ўладу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя