Віктар Сазонаў спрабуе абcкардзіць пакаранне за Дзень Паўстанцаў
Праваабаронца і журналіст з Гародні Віктар Сазонаў атрымаў адказ па надзорнай скарзе на імя старшыні Гарадзенскага абласнога суда. У ёй старшыня Гарадзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун паведамляе, што праверыўшы довады скаргі, падстаў для яе задавальнення не знайшоў.
Праваабаронца ўжо некалькі разоў спрабаваў абскардзіць сваё пакаранне за мерапрыемства 26-га кастрычніка 2018-га году, якое адбывалася ў Свіслачы.
– Людзей цягнуць у суды, складаюць на іх пратаколы і судзяць, як бы за тое, што яны парушылі грамадскі парадак па артыкулу 23.34. А насамрэч людзі складаюць кветкі на магілы і ля помнікаў нацыянальным героям. Безумоўна ва ўрачысты такі дзень нехта нейкую прамову скажа. Гэта таксама зразумела. Але вось што мы сталі заўважаць: як раз арыштоўваюць, складаюць пратаколы, судзяць толькі тую супольнасць, якая належыць ад беларускіх патрыятычных сілаў.
На думку Віктара Сазонава ён будзе надалей абскарджваць сваё пакаранне.
– Я буду падаваць у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Я хачу прайсці ўсе інстанцыі, для таго, каб на кожнай інстанцыі паглядзець, як ставяцца людзі вось да гэтага абсурду. Таму што, па-сутнасці, я праводзіў маніторынг. Задаю пытанне ў судах: што, на Гарадзеншчыне нельга займацца праваабарончай дзейнасцю? Хай адкажуць мне на гэтае пытанне. Яно вельмі важнае для мяне.
Пасля ўсіх беларускіх судоў правааборонца збіраецца звяртацца ў міжнародныя інстанцыі, аднак ў бліжэйшы час ён звернецца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя