Віктар Стукаў: Пікет забаранілі, магчыма правядзем штосьці іншае



Полацкі райвыканкам забараніў Свабоднаму прафсаюзу завода «Полацк-Шкловалакно» правядзенне пікету 7 кастрычніка ў Міжнародны дзень барацьбы за годную працу. Актывісты прафсаюза мелі намер на пікеце патрабаваць ад наймальніка павышэння зарплаты рабочым. На заводзе ўжо другі год не выконваецца абавязацельства па ўзроўні аплаты працы, прынятае ў калектыўным дагаворы працоўных з наймальнікам.

Лідар прафсаюзнай арганізацыі Віктар Стукаў паведаміў, што адмова прыйшла вельмі хутка.

– Падалі мы ўведамленне пра пікет, і нам праз пару дзён прыйшоў адказ, што забараняюць правядзенне пікета, спасылаюцца на гэты закон, які не адпавядае міжнародным стандартам. Ці будзем мы праводзіць пікет, ці не – вырашым бліжэй да 7 кастрычніка. Можа штосьці зробім іншае. У мінулы раз нас аштрафавалі амаль на 500 даляраў. Будзем вырашаць, што рабіць.

7 кастрычніка дэмакратычныя прафсаюзы Беларусі традыцыйна арганізуюць розныя мерапрыемствы з патрабаваннем дастойных умоў працы, павышэння зарплаты і гарантаваных працоўных месцаў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]