Віктар Янчурэвіч: Жыхарам «ўшчыльняемых» раёнаў застаецца пратэставаць нагамі



У Менску ўсё часцей пачаліся адбывацца публічныя абмеркаванні плана гарадской забудовы. Мясцовыя ўлады робяць выгляд адкрытасці і галоснасці, але па факце не ўносяць правак, прыслухаўшыся да меркаванняў мясцовых жыхароў. Праблема ўшчыльнення і вывад памяшканняў на першых паверхах з жыллёвага фонду з кожным месяцам абвастраецца. «Грамадскія абмеркаванні насамрэч праходзяць у Менску ўсё больш масава і выклікаюць вялікі інтарэс у мясцовых жыхароў,» — гаворыць Віктар Янчурэвіч, удзельнік аргкамітэта грамадскага аб’яднання «Экаград».

— Залі, у якіх праводзяцца прэзентацыі праектаў перапаўняюцца, не стае месцаў, для таго, каб размясціць усіх ахвотных. Усё гэты сведчыць пра тое, што горад развіваецца ў тым накірунку, які не задавальняе гараджан. І сваю незадаволенасць і пратэст жыхары выказваюць нагамі, прыходзячы і прымаючы ўдзел у грамадскіх абмеркаваннях.

«Недавер да Менгарвыканкама павялічваецца, але людзі пачуваюцца проста бездапаможнымі,» – дадаў Віктар Янчурэвіч. Грамадскі дзеяч адзначыў, што гораду варта перагледзець умовы стварэння праектаў у цэнтры з улікам меркавання жыхароў. Іначай, на думку дзеяча, горад чакаюць сур’ёзныя пратэсты з боку жыхароў раёнаў, якія ўшчыльняюць.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя