Віленская беларуская гімназія з апошнім дырэктарам



На гэтым старым фотаздымку адлюстраваны школьны хор Віленскай беларускай гімназіі ў дзень яе 25-годдзя. І ці не апошні ён, бо быў зроблены ў красавіку 1944 года.

У першым радзе (сядзіць па цэнтры) Франук Грышкевіч — апошні дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Родам ён быў з вёскі Сухаволі Сакольскага павета. Скончыў Карлаў універсітэт у Празе. У час Другой сусветнай вайны нямецкія ўлады далі дазвол на функцыянаванне гімназіі. Дырэктарам яе быў прызначаны Франук Грышкевіч, “шляхетны, інтэлігентны чалавек з добрым і гуманным сэрцам”, як казаў пра яго Янка Багдановіч.

У 1944 годзе, калі ў Вільню прыйшлі савецкія войскі, гімназія была зачынена, а ў канцы гэтага года арыштавалі і дырэктара. Яго прывезлі ў менскую турму. Допыты праводзіў сам шэф беларускага НКУС Лаўрэнцій Цанава. Яны былі цяжкія, абразлівыя і здзеклівыя. Ідучы на чарговы допыт, Франук Грышкевіч выскачыў праз турэмнае вакно на вуліцу і… забіўся.

Фотаздымку гэтаму ўжо 65 гады. І пра тых людзей, хто тут сфатаграфаваны, можна напісаць цэлую кнігу. Многіх з іх лёс быў трагічны, як і трагічны лёс нашай Віленскай беларускай гімназіі. Пра якую таксама даўно наспеў час напісаць і выдаць добрую манаграфію.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя