Папа Францішак завяршыў свой візіт у Літву (абноўлена)



Папа Францішак завяршыў свой візіт у Літву. Апошнім пунктам ягонага падарожжа было наведванне Музея акупацыі і барацьбы за свабоду, які змяшчаецца ў даўняй сядзібе КГБ у Літве.

Тут папу прывітаў між іншым духоўны, ахвяра пераследу і нашчадак дэпартаваных.

На завяршэнне Папа здзейсніў кароткую малітву.

«Гэта Вялікая Пятніца болю і горычы, роспачы і бяссілля, жорсткасці і бессэнсоўнасці, якую перажыў літоўскі народа», — сказаў Папа. «Няхай Літва будзе маяком надзеі. Няхай будзе настаўніцай у прымірэнні і гарманізацыі разнастайнасці», — завяршыў малітву Папа Францішак.

Наведваннем Віленскага Музея акупацыі і барацьбы за свабоду завяршылася афіцыйная праграма літоўскага падарожжа Святога Айца ў краіны Балтыі. Сёння раніцай Пантыфік накіруецца ў Латвію.

***

У Коўні 23-га верасня прайшлі малітоўныя сустрэчы з Пантыфікам, Папам Рымскім Францішкам Першым. У гаміліі, якую ён сказаў у парку Зліцця перад больш як ста тысячамі вернікаў, Пантыфік нагадаў пра службу бліжнім і пра спакусы ўзвышэння над іншымі, слабейшымі. Гэтыя словы моцна паўплывалі на вернікаў. Кажуць пілігрымы з Гародні:

Адчуванні самыя-самыя лепшыя, вельмі ўзнёслыя. Гэтае набажэнства, Вікарый Хрыста на зямлі – гэта ўсё ўзрушвае, напаўняе энергіяй, можна крочыць далей і не баяцца ніякіх перашкод.

– З Папам Францішкам сустракаюся ўпершыню, невядома, калі Папа так блізка будзе ад Беларусі, таму хацелася ўжо злавіць гэты момант.

У сваім прывітанні Папа пажадаў, каб яго візіт надаў сілы духу „ўсіх людзей добрай волі, натхнёныя ўспадкаванымі высакароднымі духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі мінулага, якія мірна працуюць дзеля палягчэння пакут братоў і сясцёр, узгадоўваць адзінства і згоду ў грамадстве”. Візіту Пантыфіка ўжо даўно чакаюць беларусы ў сваю краіну, але пакуль даводзіцца пілігрымаваць у іншыя краіны, каб убачыць галаву Каталіцкай Царквы. Кажуць вернікі з Беларусі:

Мы молімся і спадзяемся, што ён прыедзе да нас, у Беларусь.

– Адна мара цяпер – чакаць, калі ён прыедзе ў Беларусь. Трэба спадзявацца, бо без надзеі нічога не будзе.

– Таксама чакаем яго ў Беларусі.

– Канешне, вельмі радуемся за род літоўскі, які прыняў такога высокага госця. І спадзяемся, што калі-небудзь Беларусь таксама будзе мець гонар прыняць гэтага госця, запрасіць яго да сябе.

Удзень святы айцец маліўся ў Ковенскай катэдральнай базіліцы, ужо без тлуму вернікаў. Гэтыя малітвы ён прысвяціў кансекраваным асобам, якім і ўдзяліў блаславенства. Сярод іх былі прадстаўнікі супольнасцяў Літвы, Латвіі, Эстоніі. Цяпер у Літве дзейнічае 42 жаночыя манаскія законы і 14 – мужчынскіх.

* * * 

Папа Францішак прыляцеў у Літву ў суботу. Ён сустрэўся ў Вільні з кіраўнікамі дзяржавы, звярнуўся да вернікаў з Вострай Брамы і на Кафедральнай плошчы. Па словах арганізатараў, вітаць папу ў Вільні ў суботу сабралася 60 тысяч чалавек. Больш за 100 000 вернікаў раніцай у нядзелю сабралася ў Ковенскім парку Сантакас, каб узяць удзел у набажэнстве, якое правядзе Папа Рымскі Францішак.

Для асвятлення мерапрыемства прыехалі каля 200 замежных журналістаў, у тым ліку і журналісты Беларускага Радыё Рацыя.

Папа Рымскі працягвае візіт у краіны Балтыі. Сёння пантыфік знаходзіцца ў Коўне. За падзеямі назірае наш карэспандэнт:

 – У Коўне прайшла боская літургія, якую ўзначальваў Святы Айцец Францішак І. Суправаджалі святую імшу 260 харыстаў з 14 асобных хароў. Набажэнства прайшло пры выстаўленні абраза Маці Божай Троцкай, летувісцкай патронцы, 300 год каранацыі якой акурат прыпадае на гэты год. Разам з Папам імшу цэлебравалі 15 мясцовых біскупаў і 15 біскупаў з замежных краінаў, сярод іх 4 беларускія біскупы. Быў таксама ўкраінскі грэка-каталіцкі іерарх Святаслаў Шаўчук. На імшы прысутнічала 800 светароў, 100 з якіх – замежнікі, 485 манахаў, 165 семінарыстаў, сярох іх і гарадзенскія семінарысты і семінарысты з Пінску. Прысутнічала на службе таксама прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Святы Айцец згадаў, што мінула 75 гадоў як было знішчана віленскае гета. А таксама згадаў пра тое, каб не вылучаліся над усімі асобныя народы і грамады. Святы Айцец нагадаў, што лепшым лекам, які прапануе Ісус, – гэта адмовіцца ад менталітэту вышэйшасці.  

У гэтыя хвіліны пантыфік сустракаецца з духавенствам у Ковенскай Архікатэдры. Пасля  Папа Францішак ізноў вернецца ў Вільню, дзе памоліцца каля помніка ахвярам Віленскага гета і наведае Музей акупацый і змагароў за свабоду. 24 і 25 верасня Пантыфік наведае Латвію і Эстонію.

* * *

У пілігрымцы Святога Айца вернікі і Касцёл бачаць надзею на ўмацаванне веры і сілы ў змаганні з выклікамі часу, кажа Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

– Гэта матыў візіту Папы, што Хрыстус наша надзея. Вельмі важны не толькі для Літвы, а таксама і для Беларусі. Бо ўсе гэтыя выклікі часу, яны сёння адносяцца і да нашай краіны. Малады чалавек у Беларусі таксама часта не ведае, на якім фундаменце ён будуе дом свайго жыцця. І сёння важна паказаць напрамкі як будаваць нашу будучыню.

Паломніцтва Папы Рымскага Францішка ў Вільню абудзіла надзеі на яго візіт у Беларусь. Каля 700 маладых пілігрымаў з Беларусі сустракалі Пантыфіка на віленскай Кафедральнай плошчы. Таксама і Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч супольна з беларускімі вернікамі сустракаў Святога Айца.

– Напэўна кожны вернік хацеў бы пабачыць свайго духоўнага лідара. І такая магчымасць толькі адна – у Вільні, або ў Коўне. На жаль, Папа яшчэ не можа прыехаць у Беларусь. Мы яго чакаем. Папа ўжо другі раз за 25 гадоў прыязджае ў балтыйскія краіны. Але калі мы чакаем, то можа прыедзе таксама і да нас.

Сёння другі дзень візіту Папы Францішка ў краінах Балтыі. У Коўне ён узначаліць Святую Імшу. У панядзелак Пантыфік наведае Латвію. Святы Айцец паломніцтва завершыць у аўторак у Эстоніі. 

* * *

„Не будзьце маладымі ў лабірынце, а будзьце маладымі ў дарозе”, –  звярнуўся Папа Францішак да моладзі ў Вільні.

На Кафедральнай плошчы завершылася сустрэча Святога Айца з маладымі вернікамі. З Вільні перадаюць нашы карэспандэнты Юрка Ляшчынскі і Уля Шубзда:

–  Папа сказаў, што „нашая сапраўдная тоеснасць асноўваецца на прыналежнасці да народа, а не на штучнай тоеснасці. Кожны з нас ведае прыгажосць, але таксама цяжкасці і неаднойчы боль прыналежнасці да нацыі. Мы  не з’яўляемся людзьмі без каранёў”. На Кафедральнай плошчы прысутнічала некалькі дясяткаў тысяч маладых людзей, пераважна з Літвы, але таксама і з-за мяжы, у тым ліку і з Беларусі. І гэтая сустрэча была апошнім пунктам візіту Папы Францішка ў першы дзень яго знаходжання ў Літве.

Заўтра Папа Рымскі Францішак накіруецца ў Коўна, дзе у Парку Santakos узначаліць Святую Імшу, якая завершыцца супольнай малітвай „Анёл Панскі”. Вечарам Пантыфік  ізноў вернецца ў Вільню. Тут ля помніка Свабоды  будзе маліцца за загінулых змагароў за незалежнасць Літвы.

* * * 

Папа Рымскі Францішак здзейсніў малітву ў капліцы Вострай  Брамы Вільні. З ім маліліся тысячы вернікаў. Пантыфік вітаў прысутных. Ён падыходзіў да людзей, да бацькоў з дзецьмі, паціскаў рукі.

Пасля гэтага пантыфік на папамабілі адправіўся на Кафедральную плошчу. Там ён сустрэнецца з моладдзю Літвы. 

 Тысячы людзей сабраліся ў Вільні на подступах да Вострай брамы, каб памаліцца разам з Папам Францішкам. 

Вострая брама – адна з галоўных славутасцяў літоўскай сталіцы, аб’ект рэлігійнага паломніцтва. У браме знаходзіцца капліца з цудадзейным абразом Маці Божай Вастрабрамскай, гэтая ікона – адна з галоўных хрысціянскіх святынь Літвы, яе шануюць і каталікі, і праваслаўныя.

З Беларусі ў Вільню прыехала каля 2 тысяч вернікаў, у тым ліку 700 маладых пілігрымаў. 

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

* * * 

Пачаўся візіт Папы Рымскага Францішка ў Літву.

З Вільні перадае наш карэспандэнт Юрка Ляшчынскі:

– Ужо прайшлі першыя сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на сітуацыю ў Літве сёння і на яе значэнне ў мінулым. Сказаў, звяртаючыся да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ, што цягам стагоддзяў Літва была адкрытая для многіх народаў, этнічных груп і рэлігій. Усе яны знайшлі на гэтых землях месца для жыцця. „Літоўцы, палякі, татары, расейцы, беларусы, немцы і ўкраінцы… Так католікі, пратэстанты, праваслаўныя, стараверы, габрэі і мусульмане жылі разам у міры і згодзе, пакуль не прыйшлі таталітарныя ідэалогіі, якія знішчалі гасціннасць і дружалюбнасць, замяняючы  гэта насіллем і недаверам. Чэрпаць сілы з мінулага – гэта вяртанне да каранёў і пастаянная падтрымка таго, што ў вас найбольш аўтэнтычнае і арыгінальнае, што дазволіць вам, як народу, развівацца і не страціць талерантнасці і гасціннасці, пашаны і салідарнасці”, – так завяршыў сваю прамову Папа Францішак, звяртаючыся да прадстаўнікоў уладаў Літвы.

Пасля гэтай сустрэчы, літаральна праз гадзіну-паўтары, пачнецца рэлігійная частка ўрачыстасцяў у Вільні. Папа найперш наведае санктуарый Вастрабрамскай Багародзіцы, а затым адбудзецца доўгачаканая сустрэча з моладдзю на плошчы перад катэдрай.

Фота president.lt

* * * 

У Вільню прыбыў Папа Рымскі Францішак. Яго самалёт здзейсніў пасадку ў Віленскім аэрапорце пасля 11-й гадзіны.

© DELFI / Domantas Pipas

Папу Рымскага ў аэрапорце сустрэла дзяржаўная дэлегацыя на чале з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, паведамляе delfi.lt.

© DELFI / Domantas Pipas

Сёння пачынаецца візіт Папы Рымскага Францішка ў краіны Балтыі. Першай пантыфік наведае сталіцу Літвы Вільню. 

Сотні паломнікаў з Беларусі ўжо ў Вільні. Пілігрымы прыехалі на сустрэчу з Папам Францішкам са шматлікіх парафіяў.

 

Зранку яны ўдзельнічалі ў беларускамоўнай літургіі ў касцёле св. Рафала Архангела. Пабачыць Папу Рымскага будзе для іх асаблівай падзеяй, кажуць паломнікі з Маладэчна і Ліды:

– Гэта незвычайна. Не кожны дзень сустракаеш Папу. І не кожны год. Гэта рэдкая падзея, якая адбываецца мабыць адзін раз у жыцці. Вельмі чакаем.

Сустрэць Пантыфіка збіраюцца таксама беларусы Літвы.

Як адзначыла прадстаўніца беларускай дыяспары ў Вільні Людвіка Кардзіс, Літва чакала Папу Рымскага чвэрць стагоддзя.

– Канешне, гэта вельмі знакавая падзея. Таму што Іаан Павал ІІ прыязджаў 25 год таму. І 25 гадоў не было Пантыфіка. Постаць самога Францішка для шмат каго стала блізкай і роднай. Таму магчымасць пабачыць, паўдзельнічаць, пачуць яго ўжывую для людзей вельмі  шмат значыць.

Агулам з Беларусі ў Вільню прыехала каля 2 тысяч вернікаў, у тым ліку 700 маладых пілігрымаў. 

Горад па-святочнаму ўпрыгожаны, а шлях праезду Папы забяспечаны адмысловай агароджай.

 

За некалькі гадзін да сустрэчы Папы Францішка з вернікамі на  Кафедральнай плошчы праходзяць рэпетыцыі хороў і выступоўцаў. Літоўская моладзь будзе вітаць Папу песняй  „Езус Хрыстус – мая надзея”.

Самая плошча таксама падзеленая на некалькі дзясяткаў сектараў для гасцей і  вернікаў з Літвы і суседніх краін, у тым ліку Беларусі. З Беларусі чакаецца каля двух тысяч вернікаў, у тым ліку – некалькі соцен моладзі.

Але і турысты прыбываюць сюды з многіх краін свету. Мухамед прыехаў як турыст з Егіпту і хоча пабачыць Папу:

– Літва вельмі прыгожая. Я люблю ўсіх людзей. Я чакаю сустрэчы з Папам Рымскім.

Галава Рыма-Каталіцкай Царквы спярша сустрэнецца з афіцыйнымі ўладамі Літоўскай Рэспублікі. А пазней – з вернікамі.

З Беларусі прыедзе каля двух тысяч вернікаў, мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і шэраг беларускіх каталіцкіх біскупаў. Пасля цырымоніі прывітання пантыфік накіруецца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з Даляй Грыбаўскайтэ, а потым звернецца да прадстаўнікоў органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу. У другой палове дня Папа Рымскі наведае санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, пасля чаго сустрэнецца з моладдзю на плошчы перад віленскай катэдрай. Пантыфік таксама памоліцца ў святыні.

23 верасня Святы Айцец прыедзе ў Коўна, дзе будзе цэлебраваць святую імшу і правядзе малітву «Анёл Панскі». У мясцовым катэдральным касцёле Папа Францішак сустрэнецца з літоўскім духавенствам.

Вярнуўшыся ў Вільню, Папа наведае Музей акупацыі і барацьбы за свабоду і памоліцца за ахвяраў усіх войнаў. Перад тым ён ушануе памяць ахвяраў гета.

24 верасня Папа Францішак вылеціць у Рыгу, 25 верасня — у Талін.

Гэта 25 пілігрымка Папы Францішка па-за межы Італіі, і яна адбываецца роўна праз 25 гадоў пасля папярэдняга візіту Папы Яна Паўла ІІ у тыя ж краіны.

Уля Шубзда, Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Вільня