Вінцук Вячорка: Для каго сімвалізуе камунізм Браніслаў Тарашкевіч?



Ці трэба дэкамунізаваць Браніслава Тарашкевіча і ці сімвалізуе ён «камунізм»? На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі адказу на гэтыя пытанні не дадуць анансаваныя дыскусіі гісторыкаў. Па яго словах, адны пакажуць паперку з ягоным подпісам аб сплаце грашовых складак. А іншыя нагадаюць, чым урэшце заплаціў Тарашкевіч за сваю памылку.

Пры гэтым Вінцук Вячорка звяртае ўвагу на сам польскі закон аб дэкамунізацыі.

– Польскі закон аб дэкамунізацыі знакавай прасторы дастаткова вялікую прастору пакідае суб’ектыўным меркаванням. У ім сказана, што павінны быць выкасаныя назвы, якія сімвалізуюць камунізм. Не павінна быць у тапанімічным ландшафце імёнаў, якія сімвалізуюць камунізм. Сімвалізаваць – гэта не юрыдычны тэрмін, нават не навуковы тэрмін, і адпаведна, хтосьці дзесьці павінен вырашаць, што для каго хто сімвалізуе.

Вінцук Вячорка лічыць, што Браніслаў Тарашкевіч ні ў якім разе не можа лічыцца для беларускай грамадскасці і беларускай меншасці на Падляшшы сімвалам камунізму.

– Бачу абсалютна тупіковай спробу цяпер вывесці з фармальнага ўдзелу Тарашкевіча ў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі тое, што ён быццам бы быў сімвалам камунізму. Яшчэ раз паўтараю, ёсць закон Рэспублікі Польшчы, у якім гаворыцца, што дэкамунізацыя датычыць імёнаў постацяў, якія сімвалізуюць камунізм. Для каго сімвалізуе камунізм Браніслаў Тарашкевіч? Вось якое маё пытанне.

Нагадаем, вырашаецца пытанне вуліцы імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім. Стваральнік беларускай граматыкі, закатаваны НКУС у 1938 годзе, Тарашкевіч мае стаць ахвярай дэкамунізацыі, якая праводзіцца ў Польшчы.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]