Вінцук Вячорка: Мы дамагаемся вяртання курапацкай праблематыкі ў праўнае поле



Прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў” назвалі вельмі супярэчлівай прынятую Міністэрствам культуры пастанову пра ахоўныя межы мемарыялу. Курапаты – гэта месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій пад Менскам. Паводле грамадскага і палітычнага дзеяча Вінцука Вячоркі, абуральна, што пастанова была прынята патаемна, без абмеркавання з прадстаўнікамі грамадскасці:

– Гэтая пастанова ёсць вынікам настойлівай працы грамадскасці, у прыватнасці нашай групы экспертаў, і мы дамагаліся вяртання курапацкай праблематыкі ў праўнае поле. Як не парадаксальна, дзяржаўныя структуры, найперш гэта Міністэрства культуры і яго дэпартамент аховы помнікаў, дзейнічалі па-за праўным полем. Курапаты – гэта, здаецца, адзіная каштоўнасць, вакол якой не было ўзаконеных ахоўных межаў. Яны былі, так званыя, часовыя, да прыняцца дэталёвага плану.

А гэта азначала, што межы можна перасоўваць на карысць багатых інвестараў ці ўлады, якая спрыяе гэтым багатым інвестарам, – сказаў Вінцук Вячорка. Цяпер сітуацыя змянілася, і ахоўныя межы аформлены паводле закону.

Аднак вялікі мінус пастановы ў тым, што ахоўныя межы зменшаны. З іх выключаны тэрыторыі, на якіх, у прыватнасці, былі самавольна ўзведзены некалькі будынкаў забаўляльнага комплексу, і якія раней Генеральная пракуратура прадпісала знесці. Таму барацьба за вынас, ці знос гэтых будынкаў працягнецца ў судзе.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]