“Вішнёвы фэст” развітаўся з Глыбокім



Пяты міжнародны “Вішнёвы фэст” скончыўся ў Глыбокім. Ён праходзіў пяць дзён, у ім прынялі ўдзел творчыя калектывы і дэлегацыі з васьмі краін свету. Праграма фэсту мала чым адрознівалася ад мінулагодніх.

Сёлета глыбачане і госці горада заўважылі,  што вішань у садах  горада няшмат. З-за неспрыяльных умоваў надвор’я іх нельга было купіць вёдрамі, як гэта было раней у Глыбокім.

А ў цэлым уражанні ад свята наступныя:

– Уражанні добрыя. Усе вясёлыя, шчаслівыя. Канешне, шмат было зроблена, горад папрыгажэў, самі бачыце, якім ён стаў. Мы бралі актыўны ўдзел. Думаю, усе адпачылі.

– Усё цудоўна. Калі такія святы, то можна ладзіць іх і кожны год. Чаму не?! У людзей ёсць магчымасць сабрацца ўсім разам, выйсці куды-небудзь, сябе паказаць ды на іншых паглядзець.

– Мне гэты фестываль падабаецца. Каб іх часцей праводзілі. Але абстаноўка іншая тут. Зараз атрымліваецца, што гэты фестываль мы праводзім дзеля таго, каб народ неяк супакоіць ад гэтага жыцця. Такое ў мяне ўражанне. Ды і ўсе гавораць пра гэта.

Падчас фэсту на цэнтральнай плошчы горада адкрылі дэкаратыўна-мастацкую кампазіцыю з металу „Дружба народаў”. Заклалі ў Глыбокім сёлета і дуброву. Як выказаўся кіраўнік раёна Алег Морхат, дуб – дрэва-доўгажыхар, таму ён спадзяецца на тое, што і фестываль будзе жыць доўга і набываць новых сяброў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі