Віталь Макаранка: Мы станем захавальнікамі роднай мовы ў замежжы



Палітуцякач Віталь Макаранка, кіраўнік магілёўскай суполкі Партыі БНФ, стаў адным з арганізатараў школы беларускай мовы ў Львове.

Ён быў вымушаны з’ехаць ва Украіну праз крымінальны пераслед: Віталь Макаранкастаў адным з дзевяці абвінавачаных “у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”, разам з Аляксандрам Фядутам, Юрыем Зянковічам, Рыгорам Кастусёвым, Вольгай Галубовіч, Дзмітрыем Шчыгельскім, Аляксандрам Перапечкам, Паўлам Кулажанкам і Ігарам Макарам.

Нягледзячы на цяжкасці адаптацыі на новым месцы, Віталь Макаранка ўзяўся дапамагаць у арганізацыі заняткаў беларускай мовай для такіх самых палітычных уцекачоў. Ён лічыць гэта надзвычай важнай справай:

– Для некаторых менавіта эміграцыя стала такім штуршком для ўсведамлення сябе беларусам. І зараз менавіта дыяспара можа стаць захавальнікам скарбаў моўных, нацыянальных, якія ў Беларусі зараз вынішчаюцца. Прыходзіцца нам – тым, хто зараз знаходзіцца ў замежжы, браць вось гэты сцяг беларускі і трымаць яго па меры магчымасці.

Школа беларускай мовы ў Львове створана паводле ініцыятывя мясцовага “Беларускага крызiснага цэнтру”, які дапамагае беларускім палітуцекачам, пры падтрымцы ўкраінскай скаўцкай арганізацыі «Пласт». Навучэнцы – таксама выхадцы з Беларусі, якія ў выгнанні хочуць захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Заняткі праводзяцца на ўзор курсаў “Мова нанова”, якія ў Беларусі прымусова зачынілі.

Беларускае Радыё Рацыя