Віталь Мандрыеўскі: Дапамагаю беларусам, што едуць у Львоў



Грамадскі актывіст з Магілёва Віталь Мандрыеўскі, які быў вымушаны з’ехаць ва Украіну лічыць, што шматлікія беларусы патрабуюць экстранай дапамогі. Cам Віталь таксама знаходзіцца на мяжы выжывання. 

– Выключна з божай дапамогай і дапамогай сяброў і землякоў. Сябры з Магілёва дапамагаюць. Напрыклад, ніякай дапамогі ад нейкіх фондаў, арганізацый, беларускай дыяспары – тут няма нічога. Чалавек прадастаўлены сам сабе.

Віталь асабіста па сваёй ініцыятыве дапамагае беларусам, што апынуліся ва Украіне без даху над галавой. 

– За месяц майго знаходжання ў Львове, я ўжо траім людзям дапамог, таму што ім не было дзе заночыць, зноў жа, дзякуючы бяздзейнасці тых, хто павінен дапамагаць, людзі заставаліся на вуліцы. Яны прыязджалі, напрыклад, з Кіева ў Львоў нікога не знаючы, таму што ў Львове прасцей зрабіць польскую візу, а заночыць не было дзе. Вось у мяне маладзён з Гомеля жыў два тыдні, зараз я дапамог менчуку.

У Беларусі Віталь быў неаднаразова затрыманы і з-за магчымага крымінальнага пераследу з дапамогай знаёмых перабраўся ва Львоў. На Радзіме хлопец вядомы таксама й арганізацыяй цікавых вандровак па Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя