Віталь Рымашэўскі аштрафаваны за ўдзел у акцыі ў Курапатах



Суд Менскага раёна 29 кастрычніка аштрафаваў сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Белруская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага на 30 базавых велічынь (735 рублёў).

Як паведаміў БелаПАН палітык, яго прызналі вінаватым па арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) за акцыю 9 верасня ў Курапатах. У гэты дзень каля ўваходу ў рэстаран „Паедзем паядзім” адбыўся сход абаронцаў Курапатаў, у якім прыняло ўдзел каля 80 чалавек. На ім выступіў і Рымашэўскі, выказаўшы адмоўнае стаўленне да працы ўстановы.

„Мяне аштрафавалі за тое, што я стаяў на фоне бел-чырвона-белага сцяга і выказваў публічна меркаванне ў дачыненні да рэстарана” Паедзем паядзім”. Пры гэтым суддзя падчас пасяджэння спытала мяне, ці меў я дазвол на выказванне свайго меркавання, і калі так, то хто яго даў”, — сказаў Рымашэўскі.

Палітык мае намер абскардзіць вердыкт у судзе вышэйшай інстанцыі, а затым у Камітэце па правах чалавека ААН.

Рымашэўскі таксама адзначыў, што цяпер на працягу года ён не можа быць заяўнікам любых масавых акцый, бо пры наяўнасці штрафу або арышту па артыкуле аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве гэта ўстаноўлена законам.

belapan.by